Сяргей Вальковіч. Фота забяспечанае аўтарам.

Днямі Мінскі абласны драматычны тэатр завершыць сезон, каб восенню распачаць новы – 30-ы. Адкрыццё сезона суседнічае з яшчэ адной юбілейнай датай – 6 верасня мог бы адзначыць сваё 80-годдзе Сяргей Вальковіч, які амаль 15 гадоў быў дырэктарам МАДТ і фактычным яго стваральнікам.

У 1992 годзе ён стаў кіраўніком новай установы культуры і прыняў увесь цяжар перыяду станаўлення.

Акт 1. Сенніца

Гэта колішняя вёска пад Мінскам улілася сёння ў сталічны мегаполіс новым мікрараёнам. Але ў падножжы сучасных шматпавярховікаў яшчэ туляцца там-сям прыватныя сядзібы ў зацені яблыневых садоў. Існуе яшчэ сямейнае гняздо Вальковічаў. На відэа 40-гадовай даўніны захаваліся і спевы гаспадара, Барыса Вальковіча, зафіксаваныя аматарскай відэакамерай. Хораша спяваў звычайны шафёр, ветэран Другой сусветнай вайны. Іншы раз падпявала яму жонка – настаўніца мясцовай школы. З цягам часу ўліліся ў сямейны ансамбль галасы сына і дачкі. Дзеці закончылі музычную школу.

Калі прыйшоў час выбіраць прафесію, сын, Сяргей, паступіў у Маладзечанскае музычнае вучылішча. Ад гэтай пары Маладзечна стала яго горадам і радзімай для яго дзяцей.

Праўда, пасля першага курса давялося апрануць форму вайскоўца і два гады спраўна служыць Айчыне. Па шчаслівым збегу абставінаў службу Сяргей Вальковіч праходзіў у Мачулішчах, адкуль напрасткі да роднай Сенніцы было рукой падаць. Іншы раз юнак збочваў, шыбуючы ў звальненне. Таму што да вёскі Шчомысліца, дзе жыла яго дзяўчына Тамара, весялуха і пявуння, было яшчэ бліжэй.

Сяргей Вальковіч з жонкай Тамарай. Фота забяспечанае аўтарам.

Пасля армейскай службы ў Маладзечна яны прыехалі разам. Пакуль муж заканчваў вучобу ў Ленінградскім інстытуце культуры, Тамара працавала на швейнай фабрыцы «Камсамолка». Затым вучылася на харавым аддзяленні музвучылішча без адрыву ад выхавання дваіх дзяцей.

Акт 2. Зорныя паходы

30 гадоў плённай працы аддаў Сяргей Вальковіч Маладзечанскаму музычнаму вучылішчу, якое цяпер вядома як музычны каледж імя Агінскага. Не адно пакаленне выпускнікоў гэтай установы памятае яго не толькі як выкладчыка, а больш як ініцыятара, натхняльніка і арганізатара шматлікіх імпрэз, цікавых змястоўных мерапрыемстваў, гучных праектаў.

Мне пашчасціла іграць у дзіцячым аркестры народных інструментаў, які быў створаны Сяргеем Барысавічам. У аркестры вучні музычнай школы пры Маладзечанскім музвучылішчы засвойвалі азы сумеснай працы і дырыжорскай мануальнай тэхнікі.

Ці не на рэпетыцыях нашага аркестра ўпершыню адчула я той неверагодны стан душы, калі сціплы голас твайго інструмента ўзмацняецца, зліваючыся з іншымі.

Гэта было дзівосным адкрыццём для жыцця не толькі ў музыцы. Быў адкрыццём і сам наш кіраўнік, жыццелюбівы чалавек з неверагодным пачуццём гумару, добразычлівай усмешкай, іскрынкамі-хітрынкамі ў светлых прыжмураных вачах.

Працуючы намеснікам дырэктара музвучылішча па выхаваўчай рабоце, Сяргей Вальковіч з вялікім энтузіязмам імкнуўся зрабіць жыццё моладзі цікавым, яркім, плённым. І яму гэта ўдавалася, бо заўжды знаходзіў сцяжынку да сэрцаў сваіх выхаванцаў. Зорныя вандроўкі па родным краі, канцэрты ў вясковых клубах, школах, Дамах культуры, футбольныя матчы, лыжныя пераходы, праца на калгасных палетках – усё гэта неад’емная частка навучэнскага жыцця, а значыць, і вялікая доля арганізацыйнай работы Сяргея Вальковіча. Яго працу адзначылі медалём ВДНГ за патрыятычнае выхаванне моладзі.

Акт 3. У абдымках Мельпамены

Адкрыццё прафесійнага тэатра ў Маладзечне стала з’явай нацыянальнага маштабу. Пэўны час яго неафіцыйна называлі трэцім нацыянальным за вернасць беларускай мове. І па шчырасці, не помню, каб мова была перашкодай у продажы білетаў. А прэм’еры заўжды праходзілі з аншлагам.

Месца ў 11 радзе, замацаванае за мной як журналістам поціскам рукі з дырэктарам, заўжды было занятае больш ганаровым госцем. Тады раённыя кіраўнікі мелі за гонар наведваць мясцовы тэатр.

Афіцыйнае рашэнне аб адкрыцці абласнога драмтэатра прынялі ў 1991 годзе, але ўрачыстае адкрыццё МАДТ адбылося толькі на пачатку 1993 года спектаклем «Зямля» па паэме Якуба Коласа ў пастаноўцы яго першага мастацкага кіраўніка заслужанага работніка культуры Беларусі Мікалая Мацкевіча.

Для Сяргея Вальковіча тэатр быў як любімае дзіця, выпакутаванае і выпеставанае. На пачатку працы новаму дырэктару давялося ўнікаць у спецыфіку работы, якая тычылася не толькі вытворчых і арганізацыйных праблем, але і творчых, спецыфічных для тэатра. Былі пэўныя напрацоўкі аматарскага народнага тэатра, што існаваў пры Маладзечанскім раённым Доме культуры. Толькі для прафесійнага ўзроўню па ўсіх параметрах народны не дацягваў.

Сяргей Вальковіч. Фота забяспечанае аўтарам.

Завяршалася рэканструкцыя старога будынка, дзе базіраваўся раённы Дом культуры, а за польскім часам месцілася афіцэрскае казіно. А паралельна Сяргей Барысавіч вырашаў кадравыя пытанні, шукаў акцёраў для трупы сярод выпускнікоў тэатральна-мастацкага інстытута і інстытута культуры.

Рашэнне адной праблемы цягнула за сабой чарговую – забеспячэнне жылплошчай і вартаснай зарплатай маладых спецыялістаў, стварэнне ўмоў для творчага росту і спрыяльнага мікраклімату ў калектыве.

Прадстаўнікі тагачаснага дырэктарскага корпусу запомнілі Вальковіча як вельмі настойлівага, харызматычнага, эмацыйнага, вынаходлівага і ўпартага ў дасягненні пастаўленай мэты чалавека.

Як сапраўдны беларус, строга прытрымліваўся Сяргей Вальковіч сваёй жыццёвай устаноўкі: увесь рэпертуар ішоў выключна па-беларуску. Гэта была яго грамадзянская пазіцыя.

Ці не таму супрацоўнічалі з тэатрам, спрыяючы яго добрай рэпутацыі, вядучы драматург Беларусі Аляксей Дудараў, народная артыстка Беларусі Марыя Захарэвіч, заслужаная артыстка Беларусі Вера Кавалерава, кампазітар Алег Залётнеў і многія іншыя аўтарытэтныя творцы тэатральнага мастацтва.

Ладзілі нацыянальны фестываль майстроў тэатральнага мастацтва «Маладзечанская сакавіца», міжнародны фестываль монаспектакляў «Я». Пашыраўся рэпертуар і кола аўтараў. Плённа заяўлялі маладзечанцы пра сабе на сталічных сцэнах і атрымалі прэзідэнцкі грант на гука-святлоабсталяванне. Стварыўшы добрую гастрольную праграму, артысты МАДТ радавалі сваёй творчасцю жыхароў іншых рэгіёнаў.

За ўсімі новымі перамогамі і дасягненнямі сціпла стаяў чалавек, які не лічыў сябе ні геніем, ні зоркай. Ён проста выконваў сваю работу – служыў мастацтву. І толькі адзінкі бачылі, што ўсё часцей яго рука застывае ў раёне сэрца…

Акцёр і рэжысёр Алег Чэчанеў так згадвае Сяргея Вальковіча:

«Не ўсё было гладка і яскрава ў яго напружаным тэатральным і гаспадарчым кіраўніцтве, але засталося цвёрдае разуменне, што побач з намі быў дбайны, няўрымслівы і нястомны гаспадар, для якога тэатр быў родным домам».

• Текст доступен на языке: Русский