На адным з мерапрыемстваў вучылі карыстацца танометрам.

Як правільна мераць ціск, узровень цукру і якую першую медыцынскую дапамогу можна аказаць, пакуль едзе хуткая дапамога? Усе гэтыя пытанні асабліва актуальныя для людзей сталага ўзросту. Таму менавіта для іх на Смаргоншчыне рэалізавалі праект «Разам да здароўя».

У час пандэміі гэтыя веды асабліва важныя. Гэта заўважна аблягчае працу медыкам. А для саміх сталых людзей дапамагае захоўваць бяспеку і пазбягаць лішніх кантактаў. Карысць праекта яшчэ раз змаглі ацаніць у час пандэміі.

Каардынатар ініцыятывы Святлана Бурко са свайго досведа ведае, наколькі гэта актуальныя пытанні для людзей ва ўзросце, асабліва ў вёсках. Жанчына працавала ў тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, і бачыла патрэбу ў ведах аб здароўі для падапечных.

Таму вырашыла паспрабаваць і падала заяўку ў межах конкурса ініцыятыў праекта Еўрасаюза «Прафілактыка неінфекцыйных захворванняў, прасоўванне здаровага лада жыцця і падтрымка мадэрнізацыі сістэмы аховы здароўя ў Рэспубліцы Беларусь» (БЕЛМЕД). Заяўка прайшла конкурс, і ўдзельнікі пачалі працу. Ініцыятыву рэалізавалі ў 2018-2019 гадах, але карысць ад зробленага па-сапраўднаму можна ацаніць цяпер.

– Кажуць, што калі зрабіў ініцыятыву ў межах праекта БЕЛМЕД, то ўжо пад сілу любы праект, – расказвае каардынатар. – Тут патрабуецца дакладная справаздачнасць, акуратнасць у дакументах. Нас усяму вучылі, дапамагалі, таму хоць і патрабавалася папрацаваць, але ўсё рэальна. Не маючы ніякага досведу, рэалізавала ініцыятыву, нават запрашалі пасля выступаць у якасці эксперта.

Святлана Бурко. Фота Настассі Уткінай.

Пра што ініцыятыва

«Разам да здароўя» – комплексная праграма, у якую ўваходзіла некалькі складнікаў. Ініцыявала праграму Смаргонская раённая арганізацыя Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў. Галоўнай задачай арганізатары паставілі прафілактыку неінфекцыйных захворванняў у жыхароў вёсак.

У першым блоку ініцыятывы дактары вучылі сацыяльных работнікаў і актыўных жыхароў Сінькоўскага, Залесскага і Жодзішкаўскага сельсаветаў. У межах гэтай часткі на навучальных семінарах прайшлі навучанне 66 чалавек. Усе яны вучыліся аказваць медыцынскую дапамогу не толькі сабе, але і іншым. Сярод гэтых удзельнікаў былі тыя, да каго ў вёсках часта звяртаюцца па дапамогу. Дзякуючы навучанню яны сталі памочнікамі для мясцовых жыхароў у тым, каб быць больш здаровымі.

Святлана Бурко. Фота Настассі Уткінай.

Вучылі дапамагаць і сабе, і іншым

Удзельнікам расказалі, чаму важна трымацца здаровага ладу жыцця і як канкрэтна прымацца гэтых прынцыпаў. Сацыяльныя работнікі і актывісты даведаліся пра адну з папулярных хвароб сярод сталых людзей  – артэрыяльную гіпертэнзію. Атрымалі веды, як распазнаць захворванне і лячыць яго, а таксама навучыліся аказваць першую дапамогу.

Таксама ўдзельнікам падрабязна расказалі пра цукровы дыябет –  першую дапамогу, харчаванне, актызнасць і прафілактыку хваробы.

Каб удзельнікі маглі эфектыўна дапамагаць мясцовым жыхарам, ім раздалі танометры і глюкометры з тэст-палоскамі і ланцэтамі. На занятках вучылі правільна карыстацца прыборамі, так што цяпер удзельнікі могуць адсочваць і свой стан, і сваіх аднавяскоўцаў.

Святлана паказвае фотаздымкі з мерапрыемстваў.

Вучылі здароўю

У другім блоку ініцыятывы арганізатары правялі шэраг мерапрыемстваў для жыхароў сельскай мясцовасці, каб навучыць прафілактыцы неінфекцыйных захворванняў. Агулам навучанне ў «Школе здароўя» атрымалі 624 чалавекі.

Усе ўдзельнікі пасля заканчэння праграмы дзяліліся ўражаннямі ад ініцыятывы ў анкетах. Святлана Бурко гартае стос з анкетамі:

– Так кранальна чытаць водгукі, столькі падзяк! «Дзякуй, што навучылі клапаціцца пра здароўе», «Такія практы абавязкова патрэбныя ўсім», «Вялікі дзякуй за карысныя веды!». Адразу відаць, наколькі патрэбным быў наш праект.

Каб сталыя людзі сзаўсёды маглі пільна сачыць за здароўем, арганізатары склалі брашуры з асноўнай інфармацыяй, якую выкладалі падчас курса. У межах праекта выдалі 17 веласіпедаў для сацыяльных работнікаў і актывістаў, а гэта надзвычай важны набытак для вяскоўцаў. Так сачыць за станам падапечных і дапамагаць нашмат прасцей і хутчэй.

Для мясцовых жыхароў дактары правялі некалькі сустрэч на наступныя тэмы: «Што мы ведаем пра артэрыяльную гіпертэнзію» і «Цукровы дыябет другога тыпу. важна ведаць!».

За медыцынскую дакладнасць у праекце адказвалі загадчык Смаргонскай раённай паліклінікі доктар-тэрапеўт Ганна Пешкур, загадчык тэрапеўтычным аддзяленнем паліклінікі Алена Грынчык і доктар-тэрапеўт Любоў Смірнова. Гэта дасведчаныя дактары з заслужаным аўтарытэтам, якія да таго ж умеюць расказваць пра складаныя медыцынскія рэчы даходліва для кожнага.

Каб замацаваць веды аб здаровым харчаванні, у Дамах сацыяльных паслуг у вёская Вялікая Мыса, Сівіца і Міхнічы зладзілі конкурсы здаровых рэцэптаў.

Як адзначалі ўдзельнікі праекта, мерапрыемствы былі не толькі карыснымі, але і далі магчымасць кантактаваць з вялікай колькасцю людзей. Часам для сталых людзей у вёсцы гэта не менш важна, чым умець мераць ціск.

На конкурсе здаровых рэцэптаў.

Шчаслівая, што гэта зрабіла

Каардынатар ініцыятывы «Шлях да здароўя» Святлана Бурко падзялілася, чым стаў праект асабіста для яе:

– Я вельмі шчаслівая, што змагла рэалізаваць ініцыятыву. Яна вельмі патрэбная, і чым больш будзе падобных праектаў, тым лепш. А бачыць удзячныя вочы сталых людзей проста бясцэнна!

Загадчык Смаргонскай раённай паліклінікі доктар-тэрапеўт Ганна Пешкур пракаментавала важнасць праекта:

– Канешне, чалавеку патрэбна ведаць пра сваё здароўе. Патрэбная дапамога медыцынскага работніка, каб правільна інтэрпрэтаваць паказчыкі, каб расказаць, як захоўваць здароўе. З задавальненнем адгукнулася на прапанову ўдзельнічаць у праекце. Пацыенты слухалі, запаўнялі дзённікі, выконвалі заданні. Навучылі многіх людзей, як сябе паводзіць у экстрымальных сітуацыях. Даведаліся, што пры гіпертанічным крысе не трэба рэзка зніжаць ціск. У праекце разглядалі хваробы, на якія пакутуюць многія. Распрацоўвалі дыеты з улікам мясцовасці, дзе людзі жывуць. Вучылі, як захоўваць фізічную актыўнасць, калі сыходзіць маладосць.

Важна, што людзі даведаліся, як аказваць першую дапамогу самастойна. Да далёкіх ад райцэнтра населеных пунктаў хуткая дапамога можа дабірацца хвілін 40. А для экстраннай дапамогі вельмі важныя першыя хвіліны.

Расказвалі, якія прэпараты могуць прыняць самі або парэкамендаваць суседцы да прыезду хуткай дапамогі. А страчаны час не вярнуць. Вучылі элементарным спосабам, як аказаць першую дапамогу, бо многія дзеянні нескладаныя, але іх баяцца рабіць. Лічу, што такія праекты павінны працягвацца. Чым больш людзі будуць навучаныя, тым больш здаровым будзе насельніцтва.

Стараста вёскі Сукневічы Залескага сельсавета Таццяна Шатраўская удзельнічала ў праграме як актывіст. Яна з удзячнасцю адгукаецца:

– Было і карысна, і цікава! Даведалася, як правільна карыстацца танометрам, глюкометрам, весці здаровы лад жыцця, правільна харчавацца. Вучылі, як распазнаць прыкметы інсульта, інфаркта. І заняткі прыходзілі вельмі цікава. У вёсцы сталыя жыхары цяпер просяць памераць ціск або цукар. Магу аказаць першую медыцынскую дапамогу. Пры высокім ціску даць правільны медыкамент. Святлана Бурко вялікая малайчына, што арганізавала для нас такое.

Ініцыятыва «Разам да здароўя» рэалізаваная ў межах праекта «Прафілактыка неінфекцыйных захворванняў, прасоўванне здаровага лада жыцця і падтрымка мадэрнізацыі сістэмы аховы здароўя ў Рэспубліцы Беларусь» (БЕЛМЕД), які фінансуецца Еўрапейскім Саюзам і рэалізуецца ПРААН, СААЗ, ЮНІСЭФ і ЮНФПА у партнёрстве з Міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь.

• Текст доступен на языке: Русский