Да Міжнароднага Дня абароны дзяцей бібліятэка сямейнага чытання «Верасок» зладзіла «бібліяпрыступкі». Пляцоўку ля ўваходу аформілі малюнкамі, плакатамі, шарыкамі, казачнымі героямі.
Працавалі фотозоны «Агмень», ля лаўкі з кніжкамі і цацкамі, «Карэта» і «Аўтамабіль». Бібліятэка падрыхтавала шмат тэматычных пляцовак. Самай бяспечнай з іх была пляцоўка «Беражы сваё жыццё». Работнікі Асвода і МНС распавядалі дзецям, якія небяспекі могуць пільнаваць іх дома і на вуліцы, як паводзіць сябе ў той ці іншай сітуацыі. Разам ўспаміналі нумары экстраных службаў. Усім ахвотным расказвалі пра літаратуру, у якой можна запазычыць веды аб бяспецы.

Дарослыя разам са сваімі дзецьмі выбіралі сабе кнігі, брашуры і размалёўкі на тэму бяспекі. Дзятва наперабой старалася адказаць на пытанні, пахваліцца сваімі ведамі аб правілах бяспекі, падзяліцца гісторыяй, якая надзвычайная сітуацыя здаралася з імі.
Фотаздымкі забяспечаныя Валянцінай Сопат.