У маладзечанскім парку. Фота Зоі Хруцкай.

Раніцай 3 чэрвеня ў рэдакцыю звярнуліся жыхары Маладзечна і расказалі, што ў парку збіраюцца скасіць незабудкі, якія сёлета пераўтварылі зямлю парка ў сіні дыван.

Мясцовыя жахары адзначылі, што сёлета кветкі распаўсюдзіліся па паўднёва-заходняй частцы – ад драмтэатра ўглыб парка.

– Гэта такая прыгажосць, ніколі столькі незабудак не бачыла, – расказвае маладзечанка Таццяна Семашкевіч. – А як убачыла, што скасіць збіраюцца, то аж слёзы навярнуліся.

Аказваецца, парк падзелены на некалькі зон, за кожную з якіх адказвае пэўная арганізацыя Маладзечна. За тэрыторыі, на якіх квітнеюць незабудкі, адказныя аўтапарк №4 і друкарня «Перамога». Мясцовая жыхарка звязалася з дырэктарам аўтапарка Віктарам Руткоўскім і патлумачыла сітуацыю.

Кіраўнік звязаўся з адміністрацыяй «Камунальніка”, і разам прынялі рашэнне скасіць траву так, каб захаваць кветкі.

– Падумалі, навошта знішчаць прыгажосць, калі кветкі радуюць вока мясцовых жыхароў, і вырашылі не касіць незабудкі, – расказаў дырэктар аўтапарка.

Маладзечанка Таццяна Семашкевіч упэўнілася ў канцы дня, што касцы выканалі распаражэнне і пакінулі кветкі радаваць маладзечанцаў.

Адным з аргументаў за тое, каб скасіць незабудкі, было тое, што ў іх нібыта будуць распаўсюджвацца кляшчы. Мы папрасілі дапамагчы разабрацца з сітуацыяй энтамолага Цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Святлану Андрушойць. Спецыяліст адзначыла, што падчас абследванняў Парка Перамогі нікалі не знаходзіла ў ім кляшчоў. Да таго ж, кляшчы звычайна жывуць у высокіх травах да метра, у сухастоі, таму касіць траву важна.

Незабудкі ж не такія высокія, таму іх захаванне наўрад ці стане прычынай распаўсюджання кляшчоў.

Былы начальнік парка Аляксандр Фалей расказаў, што незабудкі ў парку раслі самі па сабе з года ў год. На фотаздымках яшчэ 2013 года ён дэманструе, што кветак нямала, але яны не перажывалі пакосы.

Актывісты ўдзячныя адказным асобам за пазітыўнае вырашэнне пытання. Заклікаюць маладзечанцаў не рваць кветкі, а захаваць незабудкі, каб яны маглі радаваць усіх жыхароў горада. І станавіцца героямі казачных фотасесій, а можа нават новай адметнасцю Горада Сонца.

• Текст доступен на языке: Русский