
Пабачыць, як гулялі вяселлі ў пачатку 20 стагоддзя. Знайсці ў імправізаваным раскопе старажытны прадмет, вызначыць, якога ён часу і для чаго выкарыстоўваўся. Сфатаграфавацца ў фотазонах. Паглядзець, што знаходзілі археолагі, якія даследавалі Вілейшчыну ў 1970-1980-х гадах.
Усё гэта можна зрабіць у Вілейскім краязнаўчым музеі на новай выставе «Старонкі гісторыі Вілейскага краю». Пра тое, чым выстава адметная, мы пагутарылі з дырэктарам музея Надзеяй Аўдзей.
– У аснове новай выставы – кніга графа Канстанціна Тышкевіча «Вілія і яе берагі». Першая частка – гэта археалагічная спадчына Вілейшчыны. Тут – знаходкі археолагаў, якія вывучалі нашу мясовасць у 1970-1980-х гадах і пазней. Гэта вырабы з крэмню, жаночыя і мужчынскія ўпрыгажэнні. Усе знаходкі – з фондаў музея, – расказвае дырэктар.
Другая частка – фотаатэлье вілейскага фатографа, які жыў і працаваў у пачатку 20 стагоддзя, – Беркі Бермана. Тут раскрываецца тэма вяселля ў пачтку 20 стагоддзя. Ёсць шмат вясельных здымкаў. Таксама шлюбная сукенка і вэлюм. Праўда, гэтыя экспанаты значна пазнейшыя.
Тут жа – фотаздымкі з відамі Вілейшчыны пачатку 20 стагоддзя, большасць з якіх ніколі не паказвалі. Фотаздымкі – з уласных архіваў гараджан.
Трэцяя частка прысвечаная сялянскаму побыту, а менавіта апрацоўцы льна. Тут ёсць і ткацкі станок, і адзенне, пашытае з ільняной тканіны. Дапаўняе экспазіцыю дыяграма «Сялянская хата».
Апошняя частка – шляхецкі побыт.
– Гэта імправізаваная шляхецкая гасцёўня, дзе людзі збіраліся, адпачывалі, знаёміліся, слухалі музыку. Ёсць і фотаздымкі шляхецкіх сядзіб Вілейшчыны, большасць з якіх да сёння дайшло, на жаль, у дрэнным стане – Абадоўцы, Стайкі, – працягвае Надзея.
Прадугледжаны інтэрактыў. Можна зрабіць здымкі ў адмысловых фотазонах, а можна адчуць сябе археолагам. Для гэтага ў музеі ёсць імправізаваны раскоп. У ім трэба адшукаць прадмет, здагадацца аб яго прызначанні і часе выкарыстання.
Праект – доўгатэрміновы. Таму наведаць экспазіцыі ў будынку музея можна будзе на пряцягу года.
• Текст доступен на языке: Русский