Фота buspiter.ru.

Дэпутаты парламента ў першым чытанні прынялі Закон «Аб правах інвалідаў і іх сацыяльнай інтэграцыі», піша tut.by.

Першы намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Андрэй Лабовіч распавёў у парламенце, што ў Беларусі сёння 574 тысячы чалавек са статусам інваліда, гэта 6% насельніцтва краіны. У новым законе, паводле яго слоў, «акцэнт зроблены не на медыцынскім складніку, а на сацыяльным аспекце».

З’явіліся артыкулы: правы інвалідаў; недапушчальнасць дыскрымінацыі па прыкмеце інваліднасці; гарантыі правоў інвалідаў ва ўмовах НС; сродкі зносін.

У законе нават з’яўляецца паняцце «беларуская жэставая мова».

Важнае новаўвядзенне закона: будуць павялічаныя тэрміны ўстанаўлення інваліднасці. прадугледжваецца, што інваліднасць I групы будзе ўсталёўвацца на тры гады, II і III груп — на два гады.

Закон прадугледжвае квоты на буйных і сярэдніх прадпрыемствах (дзе працуе больш за сто чалавек) для прыёму на працу людзей з інваліднасцю.

Калі прадпрыемствы не змогуць выканаць квоту, то будуць плаціць кампенсацыю — акумулююць грошы ў фондзе, які будзе фінансаваць адаптацыю і навучання людзей з інваліднасцю.

— Людзі гатовыя працаваць, могуць па медыцынскіх паказаннях, але, на жаль, па нейкіх прычынах не працуюць, — апісаў цяперашнюю сітуацыю першы намеснік міністра.

Паводле яго слоў, многія інваліды звяртаюцца ў органы сацабароны за дапамогай у працаўладкаванні, каля 40% атрымліваецца працаўладкаваць. У дакуменце таксама з’яўляецца патрабаванне да арганізацый, якія аказваюць паслугі насельніцтву, — аказанне сітуацыйнай дапамогі людзям з інваліднасцю, якія хочуць атрымаць гэтыя паслугі. У новым законе замацоўваецца абавязацельства па вылучэнні на ўсіх паркоўках месцаў для стаянкі машын інвалідаў, прадугледжанае права карыстацца гэтымі паркоўкамі бясплатна.

• Текст доступен на языке: Русский