Ясенія Мікуліч (другая злава) з суседкамі па палаце. Фота забяспечанае гераіняй публікацыі.

Ужо некалькі дзён жыхарка Чысці Ясенія Мікуліч  – дома. Прыходзіць у сябе пасля бальніцы, дзе лячылася ад каронавіруса. Пра тое, як даведалася пра хваробу, лячылася і ачуняла, Ясенія расказала карэспандэнту «Рэгіянальнай газеты».

– Днямі муж прыехаў забіраць мяне з бальніцы. Выйшла з ім і страціла прытомнасць. Добра, што ён паспеў падхапіць. Потым дома ў той дзень некалькі разоў прытомнасць губляла. Напэўна, ад таго, што вельмі доўгі час не была на вуліцы, – прыгадвае Ясенія дзень выпіскі.

Ёсць яшчэ і кашаль, і галавакружэнне

Кажа, што адчувае сябе нядрэнна, але і не зусім здаровая. Ёсць яшчэ і цяжкі надакучлівы кашаль, і млявасць, і боль у сэрцы, і галавакружэнне. Але ў параўнанні з тым, што было, – самаадчуванне добрае. Штодзень тэлефануюць дактары, пытаюцца, як яна сябе адчувае.

У бальніцы піла эксперыментальныя таблеткі з нялёгкімі пабочнымі эфектамі, перанесла шмат кропельніц.

Пачалося ўсё ад 13 красавіка. Спачатку ляжала ў Чысці, потым забралі ў бальніцу №1 у Маладзечне, паклалі ў так званую «брудную зону». Калі нарэшце тэст паказаў адмоўны вынік, далечвалася ў бальніцы №2 у Маладзечне. Усяго рабілі некалькі тэстаў. Чатыры першыя былі станоўчыя.

Патрэбная не толькі медыцынская дапамога, але і псіхалагічная

– У бальніцы, канешне, людзі ў паніцы. Здаецца, што разам з доктарам павінны хадзіць псіхолаг, каб супакойваць хворых. Але бачна, што бяда вельмі з’яднала людзей. Усе адзін аднаму дапамагаюць, падтрымліваюць. Я за сваё жыццё і ў радзільні ляжала, і з рознымі хваробамі, але такое яднанне людзей бачыла ў першы раз.

Заўважыла, што больш ляжыць сталых, але дастаткова і тых, каму ад 30 да 45.

Асабліва цяжка хварэюць людзі, якія, акрамя каронавіруса, маюць іншыя захворванні. У палатах шмат людзей, нікога лішні дзень не трымаюць.

Адзначае, што адносіны медыкаў да хворых і ў Чысці, і абедзвюх маладзечанскіх бальніцах былі добрыя:

– У іх такая адказная і складаная праца. Асабліва хочацца адзначыць Дар’ю Ількевіч, Ігара Салагуба, Ірыну Бохан, Наталлю Люцко, Жанну Горыну. Ды ўсіх супрацоўнікаў з пульманалагічных аддзяленняў і першай, і другой бальніц. Мы нават твараў іх не бачылі і бэджыкаў. Усё было схаванае пад спецыяльнымі касцюмамі. Усе падаюцца на адзін твар, але дабрыня і клопат адчуваюцца. Санітаркі шмат дапамагаюць сталым людзям.

У бальніцы вучылася дыстанцыйна

З сябрамі і роднымі Ясенія кантактавала па тэлефоне, з дзецьмі бачылася праз вокны. Вельмі ўдзячная за падтрымку сям’і, Украінскай амбасадзе і сябрам з украінскай суполкі «Краяны», якой кіруе апошнія гады. Асабліва падтрымлівалі першы сакратар амбасады Украіны ў Беларусі Іван Башняк і колішні старшыня «Краянаў», а цяпер намеснік ЯсенііЛеанід Лысакабылка.

– Спачатку ў мяне быў зусім просты тэлефон без вайбера, інтэрнэта. Але мне нічога гэтага і не хацелася – так было дрэнна.

Тэлефон з інтэрнэтам спатрэбіўся для таго, каб вучыцца дыстанцыйна. Якраз пачалася сесія ў Расійскім эканамічным універсітэце імя Пляханава, дзе я вучуся завочна. Тэлефон дачка перадала празь медработнікаў. А вось я назад нічога аддаваць не магла, было нельга, – расказвае суразмоўца.

Месяц не адчувала ні паху, ні смаку

Ясенія вельмі баялася, што могуць захварэць муж і дзеці. Але яны здаровыя. Кажа, адхварэла за ўсю сям’ю. І муж, і дзеці, і яна сама стараліся выконваць усе меры засцярогі: насілі маскі, апрацоўвалі рукі, менш выходзілі на вуліцу. Але Ясенію гэта не ўратавала.

Сімптомы, якія адчула адразу, – тэмпература, вельмі моцны кашаль, боль у грудзях, млявасць, страта паху і смаку.

– У бальніцы кармілі добра. І родныя прыносілі ежу. Я ела толькі таму, што памятала, як гэта смачна. Не адчувала ні смаку ежы, ні паху сваёй любімай кавы з малаком, – прыгадвае Ясенія.

Ясенія Мікуліч у рэдакцыі “Рэгіянальнай газеты” падчас круглага стала, прысвечанага жаночаму лідарству. Фота з архіва “РГ”.

За ўвесь час хваробы на каронавірус Ясенія мае пяць бальнічных. І чарговы павінны працягнуць, бо жанчына адчувае, што пакуль яшчэ працаваць не зможа.

Расслабляцца няма калі

– Не магу нацешыцца, што я, нарэшце, дома. Адразу, як прыйшла, памылася, прыгатавала ежу для сям’і, вечарам лягла спаць. І так добра спала! – дзеліцца суразмоўца.

Ясенія Мікуліч на кастынгу ў Гродна.

Нягледзячы на нядаўнюю хваробу, расслабляцца Ясеніі няма калі. Яна – шматдзетная мама, бабуля, студэнтка­завочніца, салістка суполкі ўкраінцаў «Краяны»:

– Буду заканчваць экзамены, рэпеціраваць. 19 чэрвеня ў Віцебску адбудзецца мой анлайн­канцэрт у падтрымку хворых на каронавірус ва ўсім свеце. Я рада, што мяне ўбачаць у многіх краінах. Родныя, канешне, хвалююцца, але я не баюся. Гэты канцэрт вельмі важны для мяне: даўно мару выступіць на «Славянскім базары». Канцэрт мне дасць такую магчымасць. І хай мой прыклад дае веру ў лепшае тым, хто пакуль хварэе.

А яшчэ я абавязкова буду здаваць кроў на антыцелы, каб дапамагчы хворым, – падсумавала суразмоўца.

• Текст доступен на языке: Русский