Жыхарка адной з вёсак Мядзельскага раёна ездзіць на працу з перасадкамі: раніцай ад дома да прыпынку грамадскага транспарту дабіраецца на асабістым аўтамабілі і далей едзе на аўтобусе. Вечарам жанчына такім жа чынам вяртаецца. Машына на працягу дня стаіць недалёка ад прыпынку каля загараднай трасы.
– 3 чэрвеня работнікі дарожнай арганізацыі абкошвалі узбочыны і ўбачылі, што мужчына штурхае рукамі машыну, – распавялі ў крымінальным вышуку Мядзельскага РАУС. – Яны знешне ведалі аўтаўладальніцу і былі ў курсе схемы яе паездак. Калі відавочцы падышлі бліжэй, аўтамабіль ўжо з’ехаў правым бокам у кювет, невядомы быў побач. Шкло ў дзверы кіроўцы было разбітае. Відавочцы зразумелі: у іх на вачах адбылося злачынства. Угоншчыка затрымалі і выклікалі міліцыю.
Фігурант – 47-гадовы мясцовы жыхар – раней судзімы, зараз нідзе не працуе. У мінулым годзе ён вызваліўся з калоніі, дзе адбываў пакаранне за забойства.
Мужчына прызнаўся, што хацеў завалодаць аўтамабілем для продажу. Для гэтага паспрабаваў пракруціць замак запальвання адвёрткай – не ўдалося. Вырашыў штурхаць машыну з заблакаваным рулём, з-за чаго і з’ехаў з дарогі.
Следчыя ўзбудзілі крымінальную справу.
• Текст доступен на языке: Русский