Невядомае пахаванне ля Лукаўца. Фота забяспечанае чытачамі.

Памятаеце, мы пісалі пра помнік, які нядаўна ля Лукаўца. Мясцовыя жыхары не ведалі, адкуль ён браўся. Гісторыю пахавання даведаўся краязнаўца, наш пазаштатны аўтар Алесь Раткевіч:

Шмат год таму мне пашчасціла сустрэцца са сведкамі жыцця за польскім часам і ў Другой сусветнай вайне. У мяне захаваліся рукапісы і аўдыёзапісы ўспамінаў карэнных жыхарак вёскі Дварэц, што каля Хаценчыцаў, Леанілы Антонаўны Міцько (Папковіч) і Соф’і Мікалаеўны Дзік (Кратовіч) – бабы Зоні. Самі яны ўжо адышлі ў іншы свет, але пакінулі шмат звестак пра ваеннае ліхалецце.

Трагічная гісторыя кахання падчас вайны

А вярнуцца да іх успамінаў і паварушыць свае архівы мяне прымусіла паведамленне ў «Рэгіянальнай газеце» ад мясцовых жыхароў з Лукаўца. Яны казалі, што нядаўна ля іх вёскі, на ўскрайку лесу, з’явілася адроджаная магілка па загінулым партызане. Для мяне гэта было прыемнай нечаканасцю, бо пра трагічна загінулага партызана мне расказвалі калісьці вышэйзгаданыя жыхаркі Дварца. Толькі тады ад іх я не змог даведацца пра дакладнае месца пахавання, бо прайшло шмат часу.

Саф’я Дзік (Кратовіч). Фота забяспечанае аўтарам.

А здарылася вось што. У 1943 годзе ў Дварцы кватараваў партызанскі атрад «Баец» брыгады імя Фрунзе. Адносіны паміж насельніцтвам і партызанамі былі добрыя. Пры такой ахове вяскоўцам жылося спакойна. Сюды баяліся заходзіць і немцы, і бандыты, якіх нямала швэндалася ў ваколіцах. Партызаны хадзілі на заданні, вяскоўцы займаліся сваімі гаспадарчымі справамі. У вольны ад заданняў час партызаны ладзілі вечарынкі.

І без кахання таксама не абыходзілася. Вайна вайной, але ўсе думалі пра сямейнае жыццё, пра мірную будучыню. На кватэры ў Папковічаў жыў прысланы з Масквы малады сувязіст з рацыяй Васька Рублеўскі (магчыма, Дубінін). І закахаўся ён у прыгожую дзяўчыну Ліпу. Яе прыгажосць вабіла шматлікіх кавалераў. Паклаў вока на дзяўчыну і іншы партызан, Максім.

І вось неяк аднойчы хлопцы сустрэліся на хутары,  дзе жыла Ліпа. Прозвішча і назву хутара наўмысна не называю. Невядома, што здарылася і хто справакаваў спрэчку. Толькі ў выніку таго канфлікту Максім з рэвальвера смяротна параніў Ваську. На стрэл збегліся ўсе, хто быў на хутары. Бацька Ліпы разам з Максімам, паклаўшы параненага на воз, паімчалі ў партызанскі шпіталь, які месціўся ў вярсце, на хутары Кастуся Шахрая. Пра далейшы лёс Ваські мне расказаў унук стрыечнага брата Кастуся Шахрая Уладзімір Путырскі. Ён даведаўся ад сваёй маці, а таксама ад самога гаспадара хутара. Калі Ваську прывезлі ў шпіталь, то доктар яму ўжо дапамагчы нічым не змог.

Ваську пахавалі на ўскрайку лесу

Уранку партызаны загадалі Шахраю пахаваць загінулага. А калі той спытаў, якое імя напісаць, у адказ пачуў: «Менш пытай ды язык за зубамі трымай». Кастусь пахаваў Ваську на ўскрайку лесу, непадалёк ад свайго хутара, паміж ліпамі і дубам. Абклаў па перыметры магілку камянямі і паставіў крыж без надпісу.

Уладзімір Путырскі нарадзіўся ў Мардасах і ў дзяцінстве часта бегаў на хутар, да ўнукаў дзеда Кастуся. Разам хадзілі да магілкі партызана, насілі туды кветкі, не давалі ёй зарастаць. У 1960-х пачалася эпоха меліярацыі. Паступіў загад партыі ўсіх хутаран перасяліць у вёскі. Выселілі з калісьці ўласнай зямлі і Кастуся Шахрая. Праз год ад хутароў не засталося і следу. Да магілкі партызана наведваліся ўсё радзей і радзей.

Баба Зонька казала, што пасля вайны ў Мардасы прыязджала маці загінулага партызана Васі Рублеўскага (Дубініна). Хацела забраць астанкі на радзіму, ва Уладзівасток.  Але ёй чамусьці ніхто не паказаў магілку. Ды і прозвішча яго тады ніхто не ведаў. Магчыма, пабаяліся парушыць загад партызан, каб не кампраметаваць партызанскі рух.

Як безыменная магіла стаціла статус безыменнай

Спадар Уладзімір адразу пасля школы з’ехаў у горад. Але ўсё жыццё на кожныя выхадныя прыязджаў і прыязджае ў свой Дварэц, у бацькоўскі дом. Пасля палявання ці паходу ў грыбы, Уладзімір кожны раз заходзіў на магілку партызана. І вось сёлета ён вырашыў да 75-годдзя Перамогі ў Другой сусветнай вайне добраўпарадкаваць магілку, пазначыўшы, чыя яна. Зрабіў гэта ціха. Дзякуючы Уладзіміру Путырскаму імя партызана з архіўнай старонкі знайшло свайго ўласніка. А безыменная магілка страціла свой статус безыменнай.

Уладзімір Путырскі. Фота забяспечанае аўтарам.

Хочацца падзякаваць усім мясцовым жыхарам, якія прынялі ўдзел у пошуках разгадкі па адроджанай магіле.

Гэта Таццяна Косцік, Святлана Валовік, Яніна Літвіновіч і іншыя. Асобная падзяка навуковаму супрацоўніку Вілейскага краязнаўчага музея Вользе Коласавай за ўдакладненні і кансультацыі па гэтай тэме.

Думаецца, што зноў агулам мы тую магілку абновім, усталюем капітальны помнік з прозвішчам абаронцы. Магчыма, адшукаем і родных. У звестках могуць быць недакладнасці з прозвішчам і імёнамі. Але іншых версій не існуе. Усе мясцовыя жыхары прытрымліваліся толькі гэтай.