Фларыян Жураўскі - на пярэднім плане. Фота з сямейнага архіва Марыі Кузаўкінай.

У спісе «вераснёвых смертнікаў» Францішка Жылкі, надрукаваным на нашым сайце, некаторыя нашы чытачы знаходзяць сваякоў, пра якіх нічога не ведалі ад пачатку Другой сусветнай. Сёння мы раскажам гісторыю віляйчанкі Марыі Кузаўкінай, якая ў спісе знайшла свайго дзеда Фларыяна Жураўскага.

Цалаваў маленькую дачку і частаваў яе цукеркамі

– У мяне на вайне загінуў дзед, Фларыян Жураўскі. Мы дакладна нават не ведалі: на пачатку Другой сусветнай ці пасля 1941 года. Дзед з бабуляй жылі ў вёсцы Дзямідкі на Вілейшчыне. Апошні раз мама, якая нарадзілася ў 1934 годзе, бачыла яго ў маі 1939 года. Запомніла, як ля вялікай елкі ў Дзямідках яна са сваёй маці, маёй бабуляй Апулёніяй, праводзілі мужа і бацьку ў Войска Польскае. Гэта елка стаіць і цяпер.

Некалі ля яе была невялікая каплічка. Адтуль усе жанчыны вёскі праводзілі сваіх мужоў у войска. Фларыян Жураўскі тады цалаваў маленькую дачку і даваў ёй цукеркі, – расказвае Марыя Рамуальдаўна тое, што чула ад мамы.

Па словах суразмоўцы, пахавальную на Фларыяна Жураўскага родныя атрымалі толькі ў 1944 ці 1945 годзе. Пасля папера некуды знікла. Атрымаўшы «пахаванку» ў канцы вайны, сям’я меркавала, што, можа, Фларыян трапіў у палон або перайшоў з Войска Польскага ў савецкую армію.

– Пісалі ў архівы, спрабавалі знайсці нейкіх сведак. Мама вельмі хацела ведаць, дзе пахаваны бацька. А яшчэ больш хацела бабуля, – расказвае спадарыня Марыя гісторыю пошукаў.

Як жылі Жураўскія да 1939 года

Сама бабуля была з вялікай сялянскай сям’і, з недалёкай ад Дзямідак вёскі Станькі. Яе пазнаёмілі з Фларыянам і выдалі замуж. Па ўспамінах бабулі, яна пражыла з Фларыянам шэсць шчаслівых гадоў. Да войска дзед працаваў кавалём, меў кузню.

Фларыян Жураўскі – першы злева – незадоўга да прызыву ў войска. Прыблізна 1939 год. Фота з сямейнага архіва Марыі Кузаўкінай.

– Я нават памятаю тое месца, дзе стаяла кузня. Там пасля сеялі жыта. А ў жыце па перыметры былі пасаджаныя вішні. Я некалі спытала ў бабулі, чаму так. Яна адказала, што гэта месца, дзе да 1939 года стаяла кузня дзядулі, – расказвае суразмоўца.

Дзед, маючы прафесію каваля, быў паважаным чалавекам у вёсцы. А бабуля хоць і паходзіла з вялікай сям’і, атрымала добры пасаг – сто рублёў золатам.

За іх купіла ў вёсцы манапольку – невялічкую краму, дзе прадаваліся алей, селядцы, запалкі, іншыя рэчы і прадукты, неабходныя ў вёсцы.

Жылі дзядуля з бабуляй нядрэнна – мелі грошы, некалькі валок зямлі і кавалак лесу.

Бабуля спазнала ўдовін лёс

– Шчасце сям’і скончылася ў маі 1939, – працягвае Марыя Рамуальдаўна. – Пасля пачалося нялёгкае жыццё маёй бабулі. Свёкар быў суровы чалавек. Як не стала сына, то ўжо і нявестка была непатрэбная. Пабудаваў для бабулі маленькую хатку і адсяліў яе з дачкой туды. Бабуля цалкам спазнала ўдовін лёс. Замуж больш не выйшла. Неаднойчы прыгадвала, што магла б, бо кавалеры сваталіся. Але такога, як яе Флёрка, не было.

Так бабуля і пражыла ўсё жыццё. Вывучыла маму за швачку, адправіўшы яе да больш вядомай швачкі. Пасля мама абшывала ўсю вёску. Канешне, бралі невялікія грошы – 30 рублёў за спадніцу. Але і гэта быў нейкі хлеб. Мама і бабуля памерлі, не даведаўшыся пра Фларыяна.

Дакранулася да кожнага прозвішча ў спісе

Спадарыня Марыя прызнаецца: не пакідала прадчуванне, што яна ўсё ж завершыць гэту сямейную справу да канца – даведаецца, дзе і як загінуў дзядуля. Выпадкова ў сацсетцы «Аднакласнікі» Марыя Рамуальдаўна знайшла пост пра «вераснёвых смертнікаў». Зацікавілася. У бібліятэцы Вілейскага дзяржаўнага каледжа, дзе цяпер працуе, знайшла газету з гэтым артыкулам.

– Дрыжачымі рукамі разгарнула газету, дакранулася да кожнага прозвішча. І гляджу, у самым канцы спіса – Жураўскі Фларыян. І разумею, што гэта – мой дзед. Не магу нават апісаць словамі, што я адчувала ў той дзень. Былі і слёзы, і хваляванне, і крыўда ад таго, што не дажыла да гэтага часу бабуля. Думалася: вось, каб яе на тую магілку адвесці. Збылася ўся яе жыццёвыя надзея: хай не пабачыцца з мужам, але хоць памацаць гэту магілку і паплакаць на ёй, – дзеліцца Марыя Рамуальдаўна.

Кажа, цяпер самае вялікае яе жаданне – паехаць з братам, сястрой і дзецьмі ў Польшчу на вайсковыя могілкі ў польскі гарадок Пётркаў¬-Трыбунальскі, праз дзесяцігоддзі пакланіцца магіле свайго дзядулі і паплакаць на ёй.

Даведка «РГ»

«Вераснёвыя смертнікі» – жаўнеры 86-га Маладзечанскага пяхотнага палка ў Гелянове, якія ў верасні 1939 года стрымлівалі немцаў на подступах да Варшавы. Яны першымі прынялі ўдар Германіі ў Другой сусветнай. 250 вайскоўцаў гэтага палка, што загінулі ў верасні 1939 года, пахаваныя ў Польшчы, у горадзе Пётркаве-Трыбунальскім.

• Текст доступен на языке: Русский