Фота Настассі УТКІНАЙ.

Як расказалі ў РАУС Маладзечна, выпадкі парушэння самаізаляцыі на Маладзечаншчыне адзінкавыя. Аднак на мінулым тыдні спіс парушальнікаў, дзе ўжо было два чалавекі, папоўніў 57-гадовы маладзечанец.

Міліцыянеры ў рамках кантролю прыехалі праверыць, як мужчына выконвае рэжым самаізаляцыі. Аднак па месцы жыхарства яго не аказалася. Праз пару хвілін гараджанін вярнуўся дадому, патлумачыўшы праваахоўнікам, што быў у бліжэйшай краме. Пры гэтым на ім не было медыцынскай маскі і пальчатак.

Спачатку фігурант паспрабаваў пазбегнуць адказнасці, сцвярджаючы, што ў краме выкарыстаў ахоўныя сродкі. Міліцыянеры правялі праверку, вывучылі запісы з камер відэаназірання. Устанавілі, што мужчына, сапраўды, наведваў бліжэйшую краму, але сродкі індывідуальнай абароны адсутнічалі. Толькі пасля гэтага маладзечанец прызнаўся ў зробленым.

За адсутнасць маскі і пальчатак ў дачыненні да мужчыны склалі адміністрацыйны пратакол па артыкуле 23.4 КаАП Рэспублікі Беларусь. Па рашэнні суда мужчына павінен выплаціць штраф 810 рублёў.