Фота The New York Times.

У рэдакцыю Tut.by трапіў новы загад Міністэрства здароўя Беларусі аб наданні дапамогі хворым на COVID-19. Згодна з загадам, ад 15 чэрвеня ўстановы аховы здароўя абласнога ўзроўню збіраюцца паэтапна вяртаць у звычайны рэжым працы.

Што яшчэ мяняе загад:

  • У абласных бальніцах загадалі прадугледжваць магчымасьць асобнага аддзялення, якое будзе працаваць у рэжыме інфекцыйнага стацыянару.
  • Абавязкова шпіталізаваць павінны хворых на пнэўманію і COVID-19 або падазрэннем на каронавірус, пацыентаў з вострым рэспіраторным дыстрэс-сіндромам і COVID-19.
  • Дыягназ COVID-19 выстаўляюць паводле аднаго ПЦР-тэсту; паводле камп’ютарнай тамаграфіі пры «тыповай рэнтгеналагічнай сімптаматыцы» і клінічнай карціне з наступным станоўчым тэстам; паводле двух станоўчых тэстаў «сералягічнай дыягностыкі» (гэта ў тым ліку экспрэс-тэсты на антыцелы) з інтэрвалам не менш за дзень пры тыповай для COVID-19 клінічнай карціне.
  • Тэсты на каранавірус загадалі рабіць «кантактам І узроўню» на 3–5 дзень пасля кантакту і паўторна на 10–12 дзень (ПЦР) або на 13-ы дзень (тэст на антыцелы).
  • Тэсты будуць прызначаць «кантактам ІІ узроўню» ва ўзросце да 10 гадоў.

Сярод фактараў, якія абцяжарваюць хваробу COVID-19, пералічаныя: узрост звыш 55 гадоў, атлусценьне з індэксам масы цела звыш 40, цукровы дыябэт, хранічная кардыяваскулярная паталогія з сардэчнай недастатковасцю, хранічная паталогія лёгкіх (астма або хранічная абструктыўная хвароба), рак, ВІЧ і іншае.

Пры лёгкай або бессімптомнай форме COVID-19 бальнічны па-ранейшаму маюць закрываць на 21-ы дзень, нават калі не было адмоўнага выніку тэста. Гэта, пішуць у дакуменце, «з’яўляецца абгрунтаваным».

• Текст доступен на языке: Русский