Смаргонскія валанцёры перадалі толькі ахоўных касцюмаў больш за 350 штук. Фота забяспечана Дзмітрыем Гилем.

Група валанцёраў цягам двух месяцаў шые прыстасаванні для абароны медыцынскіх работнікаў.

За гэты час пашылі і перадалі медыцынскім работнікам 350 абарончых камбінезонаў, 150 халатаў, 150 пар бахіл, 100 шапачак, 140 нарукаўнікаў, каля 400 масак.

Арганізавала валанцёраў мясцовая жыхарка Алена Гіль. Яна швачка, мела сваё атэлье па рамонце адзення. Пасля нейкі час жыла ў Польшчы. Пандэмію жанчына сустрэла ў Беларусі, і вырашыла, што можа дапамагчы медработнікам абараніць сябе.

Ідэю падказала знаёмая Марына Калпакова, якая шыла камбінезоны для дактароў у Мінску, яна ж спачатку перадала тканіну для пашыву. Праз сацыяльныя сеткі заклікала далучыцца да актыўнасці. Агулам сабралася каля 25 валанцёраў. З іх дзесяць чалавек шыюць пастаянна.

У камандзе сабраныя людзі розных прафесій. Некаторыя шыюць пасля працы, іншыя – у дэкрэтным адпачынку.

– Група, што адшывае сродкі індывідуальнай абароны для дактароў, падабралася выдатная, – расказвае Гіль. – Кожная зрабіла вялікі ўнёсак у пашыве неабходнага для медыкаў. Кожная аддала каштоўны час. І ўсё, што мы робім, робім ад душы.

Алене дапамагае муж Дзмітры – займаецца кройкай, дапамагае перавозіць пашытыя рэчы.

Тканіну перадавалі на дабрачынных пачатках. Два рулоны спанбонда перадавала жанчына з Маладзечна, першы крой іншая жанчына, рулон куплялі за сродкі ад касцёла святога Яна Паўла ІІ, два рулоны перадавала арганізатар з Мінска.

Частку вырабаў перадаюць смаргонскай хуткай дапамозе і цэнтральнай раённай бальніцы, некаторыя рэчы дасылаюць на Мінск.

Менавіта камбінезоны былі першай і галоўнай мэтай каманды. Якраз іх не хапала для дактароў і медсясцёр, якія працуюць з пацыентамі з каронавірусам.

– Вось сёння раздалі 80 штук выкраек халатаў для смаргонскай хуткай дапамогі, – расказвае Алена. – Калі прывозім вырабы, перадаём галоўнай медсястры. Нам вельмі дзякуюць за дапамогу.

Калі вы хацелі б дапамагчы ініцыятыве Алены Гіль, можна звязацца з ёй па вайберы праз нумар (8-025) 787-67-70.

• Текст доступен на языке: Русский