Смаргонскія пагранічнікі затрымалі двух літоўцаў. Яны парушылі мяжу з-за знаёмства з беларускай

Двое грамадзян Літвы парушылі мяжу дзеля знаёмства з беларускай дзяўчынай, паведаміў афіцыйны прадстаўнік Смаргонскай пагранічнай групы Антон Бандарэнка.

Вечарам 6 чэрвеня ў двух кіламетрах ад дзяржаўнай мяжы ў раёне вёскі Сакуны Пастаўскага раёна смаргонскія пагранічнікі затрымалі двух невядомых мужчын у стане алкагольнага ап’янення.

Беспрацоўныя жыхары Літвы прызналіся, што выпілі і знайшлі ў інтэрнэце дзяўчыну з Беларусі, якая запрасіла ў госці. Населены пункт, дзе яна жыла, знаходзіцца недалёка ад дзяржмяжы. Таму парушальнікі вырашылі не чакаць адкрыцця мяжы, прайсці ў абыход пунктаў пропуску.

Грамадзяне Літвы затрыманы і дастаўлены ў ізалятар часовага ўтрымання Смаргонскай памежнай групы.

Пачаты адміністрацыйны працэс па арт. 23.29 КаАП (парушэнне мяжы) і ч.1 арт.23.55 КаАП (парушэнне правілаў знаходжання).

Ім пагражае дэпартацыя з забаронай уезду ў Беларусь тэрмінам на 5 гадоў.