На Смаргоншчыне 10-гадовая дзяўчынка патанула, калі ратавала сваю сяброўку, паведамляе Следчы камітэт Беларусі.
Папярэдне вядома, што ўдзень 9 чэрвеня дзве дзяўчынкі 10 і 13 гадоў адправіліся да вадаёма паблізу вёскі Асінаўка Смаргонскага раёна. Пры гэтым дарослых не папярэдзілі.
13-гадовая дзяўчынка зайшла ў вадаём па бетонных плітах, паслізнулася і ўпала ў ваду. Дзяўчынка не ўмела плаваць.
Ёй на дапамогу паспяшалася 10-гадовая дзяўчынка, якая ўмела плаваць і ўжо знаходзілася ў вадзе, аднак сама патанула, спрабуючы яе выратаваць.
Выратавальнікі дасталі цела дзіцяці. Следчыя агледзелі месца здарэння, прызначылі судова-медыцынскую экспертызу, апытаныя відавочцы.
Праводзіцца праверка.