Бальная сістэма не патрапіць у новы Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях. Пра гэта ў эфіры тэлеканала «Беларусь 1» распавяла Вольга Чупрыс, намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта, піша Tut.by.

Паводле яе слоў, новаўвядзенне, якое было прапанавана Дзяржаўтаінспекцыяй, не прайшло грамадскае абмеркаванне – супраць прыняцця новай сістэмы выказалася большасць удзельнікаў дарожнага руху. Аднак каля 30% былі «за», таму ў будучым пры дапрацоўцы сістэма можа атрымаць замацаванне ў наступных кодэксах.

— Прэзідэнту дакладваюць варыянт без бальнай сістэмы, у тым жа выглядзе, у якім раней ўжываліся нормы датычныя адказнасці за ПДР, за некаторымі выключэннямі. Напрыклад, ўзмацненне жорсткасці за кіраванне транспартным сродкам у стане алкагольнага ап’янення, — распавяла Чупрыс.

Як прапаноўвалі «выхоўваць» кіроўцаў

Сутнасць была простая: за кожнае парушэнне ПДР кіроўца атрымлівае штрафныя балы. Калі назбірае іх 10 ці больш – пазбаўляецца правоў на шэсць месяцаў. «Адзнака» павінна была залежаць ад таго, у якую катэгорыю трапляе канкрэтнае парушэнне. Нагадаем, праектам Кодэкса прадугледжана новая градацыя правапарушэнняў.

Так, 1 бал дадуць за так званы адміністрацыйную правіну — гэта ўсё, за што трэба выпісаць штраф да 10 базавых велічынь. Напрыклад, непрышпілены рэмень, язда без ТА, размова па мабільніку за рулём і гэтак далей.

2 балы — за значнае адміністрацыйнае правапарушэнне (тое, дзе штраф больш за 10 базавых велічыняў). Зыходзячы з прапанаванай рэдакцыі КоАП, столькі можна зарабіць, да прыкладу, за перавышэнне хуткасці больш чым на 40 кіламетраў у гадзіну.

3 балы налічаць за грубае адміністрацыйнае правапарушэнне (гэта тыя парушэнні, дзе пры паўторным іх здзяйсненні надыходзіць крымінальная адказнасць, а таксама тыя, за якія можа быць накладзены арышт). Напрыклад, паўторная язда за рулём без правоў або перадача машыны такой асобе.

Пры гэтым, зразумела, адказнасць за самі парушэнні — штрафы і пазбаўленне правоў — не адмяняюцца.