Фота Настассі УТКІНАЙ.

«Адкрывацца з Беларуссю зараз было б вельмі рызыкоўна, як і з Расіяй ці яшчэ з некалькімі іншымі краінамі, якія, на мой погляд, гуляюць у вельмі рызыкоўную гульню», — сказаў Аўрэліюс Вярыга радыёстанцыі Ziniu radijas у чацвер, піша Дэлфі.

Па словах кіраўніка літоўскага Мінздароўя, стратэгія краін, якія дазваляюць заразіцца вялікай частцы папуляцыі, каб паспрабаваць сфармаваць масавы імунітэт, з’яўляецца рызыкоўнай і неапраўданай.

Вярыга таксама сказаў, што спачатку трэба сканцэнтравацца на аднаўленні паездак і адкрыцці межаў у межах шэнгенскай прасторы, дзе выкарыстоўваюцца падобныя меры для ўтаймавання пандэміі.

«З любымі такімі краінамі, як Беларусь, дзе хваробу адмаўляюць, і гучыць вельмі дзіўная рыторыка, я думаю, вельмі небяспечна спяшацца адкрываць межы», – дадаў ён.

Раней занепакоенасць сітуацыяй у Беларусі выказалі літоўскія навукоўцы.

Паводле апошніх звестак, у Літве пацверджана 1733 выпадкі каранавіруса (учора 6 выпадкаў, пазаўчора – -7), ад COVID-19 памерлі 74 чалавекі. У Беларусі зафіксавана 51 066 выпадкаў COVID-19 (учора 801), памерлі 288 чалавек.