АЭС. Фота Настассі Уткінай.

На пляцоўку першага энергаблока БелАЭС даставілі перасоўную дызель-генератарную станцыю, паведаміла БЕЛТА прэс-сакратар Міністэрства энергетыкі Вольга Казловіч.

— У адпаведнасці з рэкамендацыямі МАГАТЭ, а таксама нацыянальным планам дзеянняў па выніках стрэс-тэстаў Беларускай атамнай электрастанцыі для павышэння яе бяспекі на пляцоўку першага энергаблока дастаўлена перасоўная дызель-генератарная станцыя, — паведаміла Вольга Казловіч.

Праектам АЭС вызначаны тэхнічныя рашэнні па падлучэнні рэзервовай дызель-генератарнай станцыі ў выпадку неабходнасці.

— У перыяд эксплуатацыі першага энергаблока БелАЭС дызель-генератарная станцыя будзе знаходзіцца ў стане пастаяннага дзяжурства і, калі такая неабходнасць паўстане, — забяспечыць працу тэхналагічнага абсталявання сістэм бяспекі першага энергаблока, — патлумачыла прэс-сакратар.

Паводле яе слоў, цяпер на першым энергаблоку праводзіцца ўвесь неабходны комплекс работ па падрыхтоўцы да этапу фізпуска.