Фота аўтара.

Да нас звярнуўся настаўнік, жыхар Астравеччыны. Мужчына пажадаў застацца невядомым (імя і прозвішча ёсць у рэдакцыі). У суботу, 6 чэрвеня, у яго пацвердзіўся тэст на каронавірус. Мужчына працуе настаўнікам у адной з мінскіх школ. Хвалюецца, што ў суботу пацвердзіўся дыягназ, а да гэтага, у панядзелак, ён праводзіў зарадку ў лагеры, куды сабралі дзяцей з шасці школ – 80 чалавек.

– Хай мой расповед будзе споведдзю хворага на каронавірус, – кажа мужчына і расказвае, як усё пачыналася.

Чакаю сераду, чацвер. Ніхто не едзе тэст рабіць

Калега, з якім наш суразмоўца разам працуе ў школе, стаў адчуваць сябе дрэнна, паднялася тэмпература. У яго – маленькае дзіця і цяжарная жонка. Баючыся за сям’ю, знайшоў магчымасць зрабіць тэст. Каронавірус пацвердзіўся.

– Калега хварэе ўжо два тыдні. Апошні дзень адпрацаваў 26 мая, і больш я яго не бачыў, – распавядае мужчына.

Кажа, што яму патэлефанаваў дырэктар школы і запытаўся, ці будзе ён здаваць тэст як кантакт першага ўзроўню. Жыхар Астравеччыны пагадзіўся. А калегі, па яго словах, адмовіліся, хоць сядзелі ў адным кабінеце з хворым. Маладыя настаўнікі, па 24 гады, сказалі, што добра сябе адчуваюць.

На каранцін мужчына паехаў да сябе дамоў, на Астравеччыну. Дырэктар школы патэлефанаваў галоўнаму доктару мясцовай бальніцы.

Страшна, бо паміраюць здаровыя мужчыны

– Я прыехаў дамоў у сераду. Чакаю сераду, чацвер, ніхто не едзе да мяне. Пасля сам патэлефанаваў у бальніцу галоўнаму доктару, пытаюся: чаму так? Я ж кантакт першага ўзроўню? А доктар кажа: не хвалюйся, – расказвае хворы.

Прызнаецца, што яму сапраўды было страшна, бо сярод знаёмых ужо памерлі некалькі мужчын.

– Праз некалькі гадзін пасля майго званка прыехалі медыкі з Астраўца, зрабілі тэст. У суботу зноў прыехалі. Сказалі, што тэст пацвердзіўся. Вельмі добра аднесліся. Спыталі, якія будуць просьбы. Я папрасіў КТ. Мне не адмовілі – працягвае суразмоўца. – Да гэтага, у пятніцу, мне было вельмі дрэнна. Тэлефанаваў «у хуткую». Прыехала доктар, выпісала сродак ад кашлю і антыбіётык. Але я не мог набыць лекі адразу.

Бо чамусьці нашу аптэку ў Міхалішках надумаліся рамантаваць падчас пандэміі.

У бальніцы зрабілі медыцынскі кіёск, але ён не працуе ў выхадныя. А я ж пра хваробу ў суботу даведаўся. Толькі ў панядзелак сусед змог усё купіць. Каб аптэка працавала, дык я да гэтага б часу ўжо тры дні паспеў палячыцца, і мне б палепшала. Больш купіць лекі няма каму. Я жыву адзін, жонка памерла, дзеці жывуць асобна. Крыўдзіць тое, што ніхто з мясцовай бальніцы не тэлефануе, не цікавяцца, як я сябе адчуваю. Хоць доктар, якая прыходзіла ў пятніцу, абяцала, што будзе тэлефанаваць штодзень. А тут ужо і выхадныя прайшлі, і новы тыдзень пачаўся.

Хворы мяркуе, што, можа, каронавірус ён ужо перахадзіў на нагах. Кажа, на пачатку тыдня было вельмі дрэнна – слабасць такая, нібыта пяцьдзясят кіламетраў прабег. Быў таксама кашаль. Абанянне і смак не знікалі. Але апетыту не было. Пяць дзён не еў нічога.

Мужчына расказаў, што ўжо будучы хворым, ехаў на машыне разам са сваім добрым знаёмым. Цяпер знаёмы таксама стаў кантактам першага ўзроўню. У яго ўзялі тэст, але вынікаў на момнт нпшпй размовы не было. Адчувае сябе нядрэнна, аднак хвалюецца і за сябе, і за сям’ю.

Назаўтра пасля нашай размовы вяскоўца адвезді на КТ. Даследаванне паказала двухбаковую пнеўманію. Цяпер мужчына лечыцца ў Астравецкай ЦРБ.

Загадчык участковай бальніцы: тэст – толькі пасля афіцыйнага паведамлення з Цэнтра эпідэміялогіі

Мы патэлефанавалі ва ўчастковую бальніцу той мясцовасці, дзе жыве наш герой. Загадчык бальніцы паведаміў, што каронавірус сапраўды ёсць у вёсцы. Адзін чалавек ужо перахварэў, другі хварэе. Абодва на момант размовы былі дома, а не ў бальніцы.

– Каронавірус паводзіць сябе вельмі парознаму, – кажа доктар. – Можа праходзіць бессімптомна. І гэта небяспечна: чалавек добра сябе адчувае, усюды ходзіць. Часта нават не носіць маску. Добра, калі ў гарадах 30% у масках.

Па словах доктара, інфармацыя пра тое, што чалавек з’яўляецца кантактам першага ўзроўню адразу прыходзіць у санстанцыю. Там праводзяць эпідэміялагічнае расследаванне: высвятляюць, з кім чалавек кантактаваў, каго мог заразіць. Спісы падаюцца ў Астравецкую ЦРБ.

Пры ЦРБ створаныя так званыя кантактныя групы медыкаў. У кожную брыгаду ўваходзіць доктар, медсястра, фельчар і кіроўца. Яны апранаюць спецыяльныя касцюмы і працуюць з кантактамі першага ўзроўню. Выязджаюць дадому, аглядаюць пацыента, бяруць мазкі. Узяць такі тэст могуць толькі ў таго, хто ёсць у афіцыйных спісах.

Калі чалавек сам кажа, што ён кантакт першага ўзроўню, гэта не прычына.

– Шпіталізаваць ці не, вырашаюць, гледзячы на стан хворага. Калі стан здавальняючы, хворы крыху кашляе, у бальніцу яго адразу не кладуць. Да таго ж, можа вынік тэста будзе адмоўны, – тлумачыць доктар.

Згодна з загадам Міністэрства аховы здароўя, калі пацыент адчувае сябе здавальняюча, ён знаходзіцца дома, пры патрэбе атрымлівае мінімальнае лячэнне. У кожнага з такіх пацыентаў ёсць пісьмовыя медыцынскія рэкамендацыі. Хворы распісваецца за тое, што будзе іх выконваць. У рэкамендацыях адзначана, што калі стан пагоршыцца, неабходна выклікаць «хуткую». Калі ж хворы дома, агляд павінны праводзіцца ў вызначаныя дні.

– Зразумейце, сістэма не такая: што чалавек сам вырашыў – абследуйце мяне. І яго будуць абследаваць. Усё вызначана, адладжана, усё працуе, – падсумаваў доктар.

Першапачаткова пасада суразмоўцы-доктара была названая няправільна. Памылку выправілі. Прыносім прабачэнні.

• Текст доступен на языке: Русский