Суд па адміністрацыйным правапарушэнні адбыўся ў Маладзечне 11 чэрвеня.
Прычынай адміністрацыйнай справы стала выступленнне Аркадзя Жызнеўскага ў стрыме блогера Сяргея Ціханоўскага, які адбыўся вечарам 15 красавіка.
Калі Ціханоўскі падышоў да маладзечанца з мікрафонам, Жызнеўскі паскардзіўся, што ў горадзе няма класаў з беларускамоўным навучаннем.
Вось вытрымкі яго выступу: «Раней я быў абыякавы, як ёсць так ёсць. Я, як бачыце, размаўляю па-беларуску, хацеў дзяцей аддаць, каб таксама вучыліся. Ці то загаду няма, ці як павінна адбывацца, што калі бацькі аддаюць дзіця ў першы клас, у іх пыталіся, на якой мове хочаце, каб вучылася дзіця. Мы самі ставімся да сваёй культуры, сваёй мовы так, нібыта не беларусы».
Гэтыя дзеянні суд кваліфікуе як правапарушэнне, прадугледжанае часткай 1 артыкула 23.34 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях – «Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў».
Суд пастанавіў, што Жызнеўскі парушыў правілы пікетавання. А менавіта – прымаў актыўны ўдзел у сумеснай масавай прысутнасці грамадзян у загаддзя вызначаным грамадскім месцы без адпаведнага дазволу Маладзечанскага райвыканкама.
Паводле пастановы суда, падчас мерапрыемства маладзечанец публічна абмяркоўваў умовы жыцця і стаўлення да дзейснай улады.
На паседжанні абвінавачаны віну прызнаў.
Суд наклаў на Жызнеўскага адміністрацыйнае спагнанне ў выглядзе штрафа ў памеры 30 базавых велічынь, што складае 810 рублёў.
Аркадзю Жызнеўскаму 34 гады, жанаты, мае на ўтрыманні дваіх дзяцей, працуе кіроўцам.
У размове з карэспандэнтам «РГ» ён патлумачыў, што лічыць прысуд несправядлівым, а на мерапрыемстве выказваў уласную думку. На пытанне, чаму прызнаў віну, патлумачыў, што не кожны дзень ходзіць у суд, і лічыў, што згаджаецца з пратаколам.
Маладзечанец расказаў, што звяртаўся ў аддзел адукацыі, каб атрымаць магчымасць аддаць дачку ў беларускамоўны клас. Яму адказалі, што іншыя бацькі не хочаць беларускай мовы ў адукацыі дзяцей, прапанавалі аддаць дзіця ў вясковую школу.
Жызнеўскі лічыць, што пры паступленні дзіцяці ў школу ў яго бацькоў павінны пытацца, на якой мове яны хацелі б, каб дзіця атрымала адукацыю.
У працэсе ўдзельнічаў у якасці назіральніка ад Беларускага хельсінскага камітэта праваабаронца Эдуард Баланчук, які лічыць прысуд несправядлівым.
– Па Канстытуцыі кожны грамадзянін мае права на мірныя сходы і свабоду выказвання меркавання, збор і распаўсюд інфармацыі. Тое, што існуе Кодэкс, які супярэчыць Канстытуцыі – не праблема суддзі. Канстытуцыя – галоўны закон краіны. Таму суддзя мусіла абапірацца на яго. Так як ў нас па законе прынцып падзелу ўлады, і судовая не адказвае за недасканаласць заканадаўчай. Чаму грамадзянін не можа выказаць меркаванне аб уладзе, прадпрыемтвах і іншых пытаннях? А калі сказаў нешта крамольнае, то няхай заводзяць справу за паклёп і палічаць, ці ёсць беларускамоўныя класы ў Маладзечне.
Я лічу, што гэта расправа над людзьмі, якія скарысталіся сваім канстытуцыйным правам, – падсумаваў праваабаронца.
Што тычыцца прызнання віны, то, па словах Баланчука, гэта павінна змякчаць віну. У такім выпадку суд можа спаганаць мінімальны штраф. Па артыкуле, па якім асудзілі Жызнеўскага, прадугледжаныя наступныя варыянты пакарання: папярэджанне, штраф за 30 базавых, адміністрацыйны арышт.
Аркадзь Жызнеўскі будзе падаваць касацыйную скаргу ў Мінскі абласны суд.
Урывак з выступленнем Аркадзя Жызнеўскага падчас стрыма Сяргея Ціханоўскага 15 красавіка ў Маладзечне.
• Текст доступен на языке: Русский