Па традыцыі 8 «Б» клас вілейскай гімназіі №1 «Логас» заканчвае чарговы навучальны год паходам. На гэты раз пайшлі адпачываць у Куранец.

Чаму? Хацелі адшукаць вядомы Гомсін камень. Яго мы бачылі на малюнку шмат разоў, а вось ужывую… Ды і славутасцяў у самім Куранцы і па дарозе туды вельмі шмат. Дружна і весела прыйшлі да адзінага ў Беларусі музея пад адкрытым небам “Памяці былых вёсак”. Правялі квэст на веданне месцазнаходжання  некаторых вёсак.

Пасля кароткага адпачынку рушылі далей. Памятны знак на месцы гібелі экіпажа самалёта Паніна. Помнік партызанам-падпольшчыкам. Гісторыя смерці героя Леаніда Малькевіча зацікавіла васьмікласнікаў.

Далей Куранец. Алея з дрэў грэцкага арэха, сустрэча з вужом і агульны фотаздымак на памяць.

Мы наведалі касцёл, які быў зусім нядаўна адкрыты, і магілу 18 паўстанцаў 1863 года. Асабліва нас уразіла царква Раства Прасвятой Багародзіцы – помнік архітэктуры 1870 года. Урачыста і велічна ўзвышаецца яна на самым высокім месцы вёскі Куранец. Наведалі яшчэ брацкую магілу савецкіх воінаў і партызан.

Але які адпачынак без вогнішча і возера! Спыніліся на беразе невялікага возера ў баку ад вёскі, распалілі вогнішча, згатавалі чай, пяклі сала і сасіскі, зладзілі агульны стол. Было класна і весела.

А дзе ж Гомсін камень? Шукалі, пыталіся ў мясцовых жыхароў. Аказалася, мала хто ведае, дзе знаходзіцца гэты гістарычны помнік. Адзін з самых вялікіх валуноў, Гомсін камень, мы знайшлі на ўскраіне Куранца. Вельмі вялікага памеру, а быў раней яшчэ большым, але хтосьці з мясцовых чамусьці спрабаваў яго падарваць. У яго, як і ў многіх валуноў, ёсць свая легенда. Згодна з ёй, на гэтым месцы калісьці стаяла хата шаўца Гомсы (або Комсы), які працаваў на Вялікдзень, за што і быў пакараны: маланка ўдарыла ў дом, і ён ператварыўся ў камень.

Стомленыя, але вясёлыя мы вярталіся дадому вечарам. Надоўга запомніцца такі адпачынак вучням 8 “Б” класа гімназіі №1 “Логас”.