Спецыялісты Цэнтра экалагічных рашэнняў прапануюць памятаць пра тое, што аднаразовыя тавары – гэта дадатковая крыніца адходаў. Не змяншаючы важнасці клопату аб здароўе, эколагі прапануюць адэкватна ацэньваць рызыкі і неабходнасць выкарыстання масак у кожнай канкрэтнай сітуацыі.
Так, маску асабліва важна насіць, калі вы хварэеце – чыхаеце і кашляеце. Абавязкова павінны карыстацца маскай тыя, хто даглядае за хворымі, або ў выпадку, калі сапраўды ведаеце, што сутыкнецеся з такімі людзьмі.
Перш чым надзець маску, памыйце рукі з мылам. Не чапайце маску, пакуль носіце яе. Калі кранулі, зноў памыйце рукі з мылам.
Аднаразовыя медыцынскія маскі з аптэкі немагчыма выкарыстоўваць паўторна, напрыклад, прадэзінфікаваць, пры гэтым іх трэба мяняць прыкладна кожныя дзве гадзіны.
Такія маскі зробленыя з нятканага палімернага матэрыялу, таму іх нельга адправіць на перапрацоўку. Каб правільна ад іх пазбавіцца, трэба акуратна зняць маску за завязкі (гумкі) і змясціць у пакет (можна папяровы), затым – у закрытую скрыню або кантэйнер для агульных адходаў.
Не варта выкідваць выкарыстаныя маскі ў кантэйнеры для другаснай сыравіны, у тым ліку ў кантэйнеры для пластыка. Не варта выкідваць маскі ў вулічныя урны, з якіх вецер можа іх забраць. Забаронена змываць выкарыстаныя маскі ў каналізацыю, таму што яны, як і вільготныя сурвэткі, могуць стаць прычынай засмечвання і няспраўнасці гарадскіх сістэм водаачышчэння.
Па магчымасці перад выкіданнем прадэзінфікуйце маску. Не забудзьцеся пасля ўтылізацыі маскі вымыць рукі.
Гэтая інструкцыя падыходзіць для выкарыстання аднаразовых масак у паўсядзённых умовах, маскі з бальніц, паліклінік павінны быць ўтылізаваныя адмысловым чынам, гэта значыць – як медыцынскія адходы.
Калі вы носіце маску з прынцыпу засцярогі, то выкарыстоўвайце шматразовую. Іх можна купіць у аптэцы (марлевыя) або зрабіць самастойна з марлі, бавоўны або іншага матэрыялу. Некаторыя брэнды перапрафіляваліся і таксама пачалі прапаноўваць маскі, тканкавую цяпер можна і купіць.
Шматразовыя маскі таксама неабходна перыядычна мяняць, як і аднаразовыя. Пасля выкарыстання неабходна зняць маску за завязкі або гумкі. Каб яе абясшкодзіць, памыйце ў гарачай вадзе з мылам і адпарце прасам, пры жаданні можна пракіпяціць. Калі вам прыйшлося памяняць маску па-за домам, то выкарыстаную пакладзіце ў пакет да моманту мыцця.
Такія маскі добрыя тым, што могуць служыць доўга – да поўнага зносу. Пасля зносу іх можна выкарыстоўваць як рыззё. Калі вы вырашылі самастойна зрабіць маску, выкарыстоўвайце свае старыя запасы тканіны, не купляйце новы матэрыял.