Пачатак 1930-х. Міхась Сцебурака (у цэнтры) падчас першай службы ў Войску Польскім.

Жнівень 1939 года. 14-гадовы Анатоль Сцебурака едзе на ровары з роднага хутара Субачы, што на Вілейшчыне, на станцыю Княгінін. Вязе на цягнік свайго старэйшага брата Міхася. Таго прызываюць у Войска Польскае. Так здарылася, што гэта быў апошні раз, калі Анатоль бачыў брата.

Пра месца і час пахавання, пра абставіны смерці Міхася Сцебуракі родныя даведаліся праз 80 гадоў. Яго імя яны знайшлі ў спісе «вераснёвых смертнікаў» Францішка Жылкі.

Пра Міхася Сцебураку і гісторыю пошукаў яго месца пахавання нам расказаў віляйчук, родны пляменнік Міхася, доктар Мікалай Сцебурака.

Першы раз адслужыў і вярнуўся

Як расказаў суразмоўца, у яго дзеда, таксама Міколы Сцебуракі, было 11 дзяцей. Чацвёра памерлі немаўлятамі. Засталіся чатыры сыны і тры дачкі. Міхась Сцебурака, народжаны ў 1912 годзе, быў другім сынам. Вядома, што ён вучыўся ў хатняга настаўніка, хінуўся да сялянскай працы, меў талент сталяра. Для аднаго з братоў рабіў нават музычныя інструменты.

Міхась Сцебурака – жаўнер Войска Польскага. Здымак, дасланы родным.

Першы раз у Войска Польскае Міхася прызвалі на пачатку 1930­х. Тады служылі паўтара года. У 1932­-1933 гадах ён служыў у палку, які кватараваў у Варшаве. Пісаў родным, што ў войску добра кормяць, што дастаткова розных культурных мерапрыемстваў.

Адтуль даслаў родным свой партрэт, які і сёння захоўваецца ў сям’і, – малады чалавек у форме жаўнера Войска Польскага.

А пасля дэмабілізаваўся і з багнэтам – адмысловым штыком у ножнах – на поясе прыйшоў дамоў пасля дэмабілізацыі. Працаваў на сельскай гаспадарцы, бо ў сям’і было шмат зямлі.

Апрануў найлепшы гарнітур, каб вярнуцца прыгожым

Пра другую мабілізацыю Міхася згадвае яго родны брат, 92-­гадовы маладзечанец Анатоль Сцебурака, бацька нашага суразмоўцы: «Стаяў гарачы жнівеньскі дзень. Сям’я малаціла салодкі лубін. Працу перарваў солтыс Антон Буцька з Лазавых, які прывёз позву на мабілізацыю. У позве было напісана, што на зборы даецца дзве гадзіны. Таму сталі хутка збіраць Міхася. У хаце былі толькі сёстры і маці.

Міхась пайшоў у свой пакой і апрануў найлепшы гарнітур. Сказаў, што апрануўся так, каб не было сорамна пасля вяртацца дадому.

Бо калі ішоў у войска першы раз, апрануў рабочую вопратку».

Мікалай Сцебурака тлумачыць, што ў Войску Польскім жаўнеры не дэмабілізоўваліся ў вайсковай вопратцы. Ішлі дадому ў тым, у чым прыйшлі. Форма заставалася ў войску:

– У нашай мясцовасці быў выпадак, калі хлопец з беднай сям’і прыйшоў у войска, цывільную вопратку не здаў, а адаслаў малодшым братам. Прыйшла дэмабілізацыя – апрануццаняма ў што. Дык мусіў надзець на сябе мех, прарэзаць дзіркі для галавы і для рук і так ісці на вакзал. А Міхась меў добры гарнітур, таму і апрануў яго.

Пачатак 1930-х. З аднапалчанамі.

Ежу ён адмовіўся браць з сабой. Узяў толькі грошы на дарогу. Тры кіламетры да станцыі браты, Анатоль і Міхась, ехалі разам, каб малодшы пасля прыгнаў ровар дамоў. Па ўспамінах Анатоля, настрой у братоў быў прыўзняты. На вакзале ў Княгініне ўжо стаяў цягнік. Было шматлюдна. І раптам на вакзале з’явіўся старэйшы брат Кастусь.

– Кастусь прыйшоў усхваляваны, – кажа Мікалай Сцебурака. – Старэйшы брат лепш за ўсіх у сям’і разбіраўся ў палітыцы і прадчуваў, што наперадзе сур’ёзныя выпрабаванні.

Кастусь павёў Мішу ў буфет. Яны там замовілі гарэлкі, выпілі на развітанне і абняліся. А малодшаму, Анатолю, купілі сітро.

Міхась заўсёды быў гераічнай асобай для сям’і

Аб’явілі пастраенне. Будучыя жаўнеры селі ў вагоны, і цягнік рушыў у бок Маладзечна. З тых часоў сям’я больш не бачыла Міхася. Адзіны ліст, які прыйшоў, быў з вайсковага гарадка Гелянова, што пад Маладзечнам, дзе стаяў 86 пяхотны полк. З ліста сям’я даведалася, што Міхася размяркоўваюць у 81 пяхотны полк гарадзенскіх стральцоў імя Стэфана Баторыя.

– Менавіта гэты ліст і заблытаў нас у пошуках. Мы шукалі 81 пяхотны полк, прасочвалі яго баявы шлях. Пакуль Францішак Жылка і ваша газета не надрукавалі спіс, – расказвае гісторыю пошукаў спадар Мікалай.

Кажа, пасля верасня 1939-га ў навакольныя вёскі пачалі вяртацца людзі. Старэйшы брат Кастусь абышоў усіх, хто вярнуўся. Пытаўся, ці бачылі яны Міхася. Казалі рознае, але ніякай дакладнасці не было.

І толькі адзін чалавек з Крывічоў сказаў, што бачыў Міхася Сцебураку ў верасні 1939 года пад Пётркувам, дзе былі моцныя баі.

Тое, што чалавек той казаў праўду, сям’я зразумела, толькі пабачыўшы спіс жаўнераў, пахаваных у Пётркуве-Трыбунальскім.

– Для нашай сям’і Міхась заўсёды быў асобай гераічнай. Так, тады была польская дзяржава, мы былі Крэсамі Усходнімі. Але ён выканаў абавязак перад радзімай, не здрадзіў, – кажа спадар Мікалай.

Адказ быў адзін – «звестак няма»

Сям’я шукала Міхася па розных крыніцах: пісалі ў архівы, адусюль атрымлівалі адказы «звестак няма». Вельмі спадзяваліся на Міжнародны Чырвоны Крыж, але і адтуль атрымалі такі самы адказ. Пару год таму з’явілася надзея: праз сацсеткі адгукнуўся чалавек з Вільні, сваяк якога быў у войску разам з Міхасём. Сям’я ўзрадавалася і ўжо была гатовая ляцець у Вільню. Але па незразумелай прычыне той чалавек больш не выйшаў на сувязь.

Спадар Мікалай прыгадвае, што першым імя ў спісе знайшоў яго сын Усевалад. Адразу ж патэлефанаваў бацьку са словамі «Тата, тата! Глядзі хутчэй газету!»

Сыны Мікалая, Усевалад і Анатоль, пішуць гісторыю сваёй сям’і. І тое, што звязана з Міхасём пасля 1939 года, было вялікім прабелам. Цяпер гэты прабел запоўніцца.

Анатоль Сцебурака, які ў 1939 праводзіў брата на службу,
на родным хутары Субачы.

Па словах суразмоўцы, яго бацька, той самы брат, які вёз Міхася на ровары ў Княгінін, вельмі ўсцешыўся, што месца пахавання брата нарэшце знайшлі.

– Для яго вельмі важна ведаць, што ёсць крыж, ёсць магіла, што памяць пра брата ўшанаваная належным чынам, – падсумоўвае Мікалай.

Даведка «РГ»

«Вераснёвыя смертнікі» – жаўнеры 86-га Маладзечанскага пяхотнага палка ў Гелянове, якія ў верасні 1939 года стрымлівалі немцаў на подступах да Варшавы. Яны першымі прынялі ўдар Германіі ў Другой сусветнай. 250 вайскоўцаў гэтага палка, што загінулі ў верасні 1939 года, пахаваныя ў Польшчы, у горадзе Пётркуве-Трыбунальскім.

Шаноўныя чытачы, калі вы знайшлі сваіх родных у спісе «вераснёвых смертнікаў»,  паведаміце, калі ласка, нам па тэлефоне (8-0176) 53-78-06 або напішыце на пошту regionnews@rh.by. Мы абавязкова раскажам вашу гісторыю. Можаце таксама звязвацца з Францішакам Жылкам: (8-029) 619-64-72, e-mail: info@fra-mil.by.

Фотаздымкі забяспечаныя Мікалаем Сцебуракам.

• Текст доступен на языке: Русский