Фота Настассі Уткінай.

Астравецкую атамную электрастанцыю будавалі больш за дзесяць гадоў. За гэты час яна ператварыла беларускі «канец свету» у адзін з самых урбанізаваных рэгіёнаў краіны, піша Радыё Свабода.

Шульнікі

Шульнікі — тыповая для Астравеччыны невялікая вёска. Адна вуліца, два дзясяткі дамоў. Навокал палі, лясы, пагоркі. У суседняй Газе ферма з каровамі. Пасярод поля за гародамі жыхароў Шульнікаў — атамная электрастанцыя коштам 11 мільярдаў долараў. Самы дарагі прамысловы аб’ект у краіне.

«Ці адкрыюць станцыю? Канешне, адкрыюць, канешне, — расплываецца ва ўсмешцы гаспадар бліжэйшага да атамнай станцыі дома Часлаў. — Нам жа паабяцалі працягнуць дрот адтуль кожнаму да дома, каб электрычнасць была бясплатная. Значыць, запусцяць, як жа. Калонку во зрабілі ў вёсцы з вадой. А то адна студня была. Цывілізацыя. А кабель нам дакладна працягнуць проста са станцыі, канешне. Вы што, газеты не чытаеце? Усё будзе. Лукашэнка сказаў, значыць, будзе. Сказаў, што асфальт пакладуць у вёсцы, во і асфальт ёсць. Год малой радзімы жа ідзе. Ужо другі год запар».

Часлаў
Часлаў.

Часлаў смяецца, мы спрабуем убачыць на разбітай вясковай грунтоўцы асфальт. Жыве ў Шульніках каля дзясятка чалавек, збольшага пенсіянеры. Частку з іх на зіму забіраюць дзеці ў Астравец. Сам Часлаў у Шульнікі пераехаў з Міхалішак, раней тут жыла яго маці. Дом у Часлава невялікі, дагледжаны. Дарожкі на падворку выбрукаваныя, усё агароджана новай металічнай сеткай. На пытанне пра месца працы і заробкі Часлаў зноў заходзіцца смехам.

«Вы з Радыё Свабода? У нас тут свабоды поўна. З жонкай на ферме працуем. Яна доіць каровы, а я пасу. Пяцьсот даляраў атрымліваем, канешне, — зразумець, жартуе Часлаў ці гаворыць сур’ёзна, абсалютна немагчыма. — Мы тут даўно жывём. Памятаю, як толькі гэтую станцыю пачыналі будаваць. Ці хацелі пераехаць адсюль пасля пачатку будаўніцтва? А куды? Вы думаеце, да Мінску не дастане, калі што? Дастане! Не дурыце мне галаву. У Францыі 15 такіх, у Ізраілі яшчэ больш. Тут во атамка, тут во возера, людзі купаюцца. Нам ужо па 50 гадоў, нам ужо нястрашна».

Нажартаваўшыся, Часлаў прызнаецца, што зарабляе каля 530 рублёў, жонка — 500. Працуюць ад шасці раніцы да шасці вечара, два дні праз два.

Расказвае, што некалькі гадоў таму хадзіў на станцыю, хацеў уладкавацца вартаўніком. Яго паслухалі і паабяцалі пазваніць. «Звоняць» дагэтуль. Некаторым мясцовым жыхарам пашанцавала больш. Дачка Часлава працуе на «атамцы» ў сталовай. Пэўны час там жа працавала жонка.

Ад Шульнікаў да БелАЭС каля кіламетра
Ад Шульнікаў да БелАЭС каля кіламетра

«Жарты гэта ўсё. Думаеце, электрычнасць патанее? — нечакана становіцца сур’ёзным наш суразмоўца. — Нашыя ўнукі яшчэ будуць выплачваць за гэтую атамку. Колькі ўцюкана ў яе! Крэдыты аддаваць хто будзе? Мы і будзем. Зараз газ падаражэе, скажуць ставіць электрапліты. Каб паставіць электрапліту, трэба мяняць праводку, таксама грошы. Куды яны будуць энергію дзяваць? Латвія адмовілася купляць, Літва. Так што не ўсе рады. Хаця ўсе, канешне. Што гэта я вам гавару. Усе рады. Канешне, усе».

Радавацца ёсць чаму. На полі паміж Шульнікамі і БелАЭС пасеялі кукурузу (прыгожа выглядае), грунтавую дарогу побач са станцыяй перыядычна грэйдзіруюць (часам праязджае начальства). У Шульніках кажуць, што на самым пачатку будаўніцтва хадзілі размовы, што іх вёска пойдзе пад знос. Вельмі ўжо блізка яна да атамнага аб’екта. Некаторыя спрытнюгі нават паспелі выкупіць закінутыя дамы, спадзеючыся атрымаць кампенсацыі і новыя кватэры ў Астраўцы. Але Шульнікі пакінулі ў спакоі, знеслі толькі некалькі хутароў.

«Поле тут было да станцыі, сеялі збожжа, — узгадвае Часлаў. — Некалькі хутароў стаяла, знеслі.

Там, дзе вайсковая частка, дзед на хутары жыў. Дык ён з ружжом сядзеў, не падпускаў да сябе нікога. Жыўшы там усё жыццё, не хацеў пераяжджаць.

Калі пачыналі будаваць, то гаварылі — праца будзе ўсім, цяпліцы тут паставім. Вунь стаяць тыя цяпліцы (паказвае рукой у бок чыстага поля. — РС). Усе рады, канешне. Пішыце, што ўсе рады».

Астравец

Астравец — адзін з самых маладых беларускіх гарадоў. Такі статус ён атрымаў ужо пасля пачатку будаўніцтва станцыі, у 2012 годзе. Раней быў гарадскім пасёлкам. У 1960 годзе савецкія ўлады нават забралі ў Астраўца статус райцэнтру (вярнулі праз пяць гадоў, у 1965-м). Да АЭС самым буйным прадпрыемствам у раёне была кардонная фабрыка ў Альхоўцы. А ці не адзіным спосабам добра зарабіць — блізкая мяжа з Літвой.

Паводле дадзеных Белстату, насельніцтва Астраўца ад пачатку будаўніцтва АЭС пастаянна расце. У 2011 годзе тут жыло ўсяго 8547 чалавек. У 2018-м — ужо 11 640. Можна парадавацца. Асабліва калі не ведаць, што за той жа перыяд насельніцтва Астравецкага раёна скарацілася з 15,5 тысячы да 13,5. За межамі Астраўца ў раёне на сёння жыве каля дзвюх тысяч чалавек, большая частка з якіх прыпадае на чыгуначную станцыю Гудагай і мястэчка Варняны. Узровень урбанізацыі ў Астравецкім раёне ад пачатку будаўніцтва АЭС павялічыўся ад 50% да 85%. Агулам па Беларусі гэты паказчык складае каля 77,5%.

Будынак ў новым жылым раёне Астраўца
Будынак ў новым жылым раёне Астраўца

Для супрацоўнікаў Беларускай АЭС у Астраўцы пабудавалі некалькі новых кварталаў з яркімі дзевяціпавярховікамі, гімназію, новы сучасны шпіталь (тут ёсць нават апарат МРТ), некалькі сучасных дарог да станцыі і трасы з Мінску ў Вільню, чыгуначную ветку да АЭС. Новыя раёны райцэнтра нагадваюць сталічную Каменную Горку ў мініяцюры. Не кожны астраўчанін, трапіўшы сюды, адразу здагадаецца, што ён у родным горадзе. Свежыя дамы пакуль часткова заселеныя будаўнікамі, аднак іх цяпер ужо няшмат. Плануецца, што хутка тут будуць жыць спецыялісты з АЭС. Іх колькасць будзе пастаянна павялічвацца, за першым энергаблокам плануецца запусціць другі. Гэта мае адбыцца ў 2022 годзе.

Цэны на жыллё ў 10-тысячным Астраўцы на сёння супастаўныя з гарадзенскімі.

Двухпакаёўка плошчай каля 50 метраў каштуе каля 30–33 тысяч даляраў. У адносна недалёкай і ўдвая большай Вілейцы такую ж кватэру можна набыць на 10 тысяч танней.

Варняны

Варняны — бліжэйшы да АЭС адносна вялікі населены пункт і трэці па памерах у раёне. Да станцыі ад Варнянаў напрасткі каля пяці кіламэтраў. Яе градзірні добра відаць з вежаў касцёла, збудаванага ў стылі віленскага барока. У Варнянах жыве Мікалай Уласевіч, адзін з нешматлікіх у Астравецкім раёне адкрытых крытыкаў будаўніцтва АЭС. Уласевіч шмат гадоў працаваў настаўнікам геаграфіі ў мясцовай школе, пасля кіраваў Варнянскім сельсаветам.

Мікалай Уласевіч
Мікалай Уласевіч

«Ці веру я, што станцыя гатовая да запуску? Адкуль жа нам ведаць пра гэта дакладна, — кажа Мікалай Уласевіч. — Адзінае, што я магу сказаць, што ў нас ёсць падставы сумнявацца ў гэтым. Шмат там было надзвычайных смтуацый, шмат было чутак. Даходзіла да нас усё гэта. Я вельмі-вельмі баюся, што гэта можа скончыцца дрэнна».

Падставы сумнявацца ў надзейнасці АЭС ва Уласевіча ёсць. Калі б не ягоны пост у фэйсбуку, Астравецкую АЭС маглі б запусціць раней.

Менавіта апублікаваная Мікалаем Уласевічам інфармацыя пра інцыдэнт з корпусам першага рэактара станцыі стала падставай для яго замены.

Праз СМІ гісторыя дайшла да самога Лукашэнкі, які загадаў спыніць будаўніцтва, пакуль не будзе пастаўлены новы корпус.

«У 2016 годзе гэта было. Я даведаўся пра інцыдэнт з корпусам рэактара на наступны дзень, адразу амаль, — расказвае пра тыя падзеі Мікалай Уласевіч. — Напачатку не прыдаў значэння. Дакладней, не паверыў. Я тады балатаваўся кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, стаяў у пікетах. На пікетах розныя людзі да мяне падыходзілі, у тым ліку будаўнікі са станцыі. Пачаў распытваць. І ўсе яны пацвярджалі, што корпус рэактара быў пашкоджаны. Я яшчэ правакаваў. Маўляў, што вы прыдумляеце. Але ўсе пацвярджалі, расказвалі адно і тое ж. Праз два тыдні я ўжо гэта выклаў у фэйсбук. Ну, і пачалося. Магчыма, яно і без мяне стала б вядома. Тут жа ўвесь Астравецкі раён пра гэта ведаў. Але не прыдавалі значэння. Ну, стукнулі рэактар і стукнулі».

Мікалай расказвае, што сачыў за будаўніцтвам станцыі ад самага пачатку. Быў і на грамадскім абмеркаванні, арганізаваным у Астраўцы з удзелам спецыялістаў. Кажа, што ў канцы «нулявых» раённае астравецкае начальства вельмі ганарылася тым, што першую беларускую АЭС могуць пабудаваць у раёне. Маўляў, гэта выключна станоўча адаб’ецца на развіцьці ўсяго рэгіёна.

«Астравец змяніўся, канешне, — прызнае Уласевіч. — Шмат набудавалі там. Школу, гімназію, басейн нейкі. А Варняны… У Варнянах наадварот. За гэтыя гады ці закрылі што, ці збіраюцца закрываць. Аптэку закрылі, амбулаторыю ў іншы будынак перанеслі. Нічога тут не змянілася, ніякіх бонусаў мы не атрымалі. У першыя гады яшчэ можна было зарабіць на будаўніцтве, людзі кінуліся туды працаваць, мясцовыя ў тым ліку. Зваршчыкі там былі патрэбныя. Людзі атрымлівалі вялікія грошы. Але пасля фінансавага крызісу ў Расмі (2014–2015 гады. — РС) заробкі ўпалі ў два–тры разы. Нашы вахтавікі зусім няшмат пачалі атрымліваць. Мясцовыя яшчэ працуюць там у ахове, жанчыны пераважна. Атрымліваюць па 250–300 рублёў. Смеху варта. Гэта няцяжкая праца, але ж якая гэта аплата, мізер».

Па словах Уласевіча, ніякіх пратэстаў у Астравецкім раёне супраць будаўніцтва АЭС не было. Хіба што нядаўна з Мінску прыяжджаў прэтэндэнт у кандыдаты Юры Губарэвіч з паплечнікамі. Паставіў пікет на дазволенай адлегласці ў трохстах метрах ад станцыі, правёў стрым у фэйсбук і з’ехаў. Мясцовыя людзі гэтага нават не бачылі.

«Ніхто тут не пратэстуе, канешне, — кажа Уласевіч. — Нашыя людзі рахманыя. Хтосьці верыць, што ўсё будзе добра, нехта не верыць. Але ўсё адно маўчаць. Так выхаваныя. Згодныя з усім і не супраціўляюцца. Лічаць, што ад іх нічога не залежыць».

Заробкі ў Астравецкім раёне, па яго словах, вагаюцца ў межах 400–500 рублёў. Зарабіць тысячу лічыцца ўжо супервынікам.

«Не бачу я, каб будаўніцтва станцыі спыніла ад’езд моладзі з раёна, — дадае былы настаўнік. — Моладзь як з’яжджала, так і з’яжджае. Я ў Астравецкі раён прыехаў у сярэдзіне 1970-х гадоў, пасля універсітэта. Мясцовыя мяне сустрэлі байкай: «Астравец — свету канец». Быццам далей Астраўца і няма нічога, далей паслаць няма куды. Тады насамрэч па пасёлку немагчыма было нармальна прайсці — ямы па калена. Цяпер іншая справа, вядома. Горад ужо разбудавалі, горад выйграў ад гэтага. Але ж гэта як вам сказаць… Напэўна, шмат каго задавальняе, што Астравец стаў больш утульным, сфера абслугоўвання развіваецца. Але я ўсё адно лічу, што будаўніцтва АЭС — гэта знак бяды для нас».

Нягледзячы на сваё крытычнае стаўленне да будаўніцтва атамнай станцыі побач з Варнянамі, Мікалай Уласевіч вырашыў скарыстацца яе выгодамі і арганізаваў электрычнае ацяпленьне свайго дома. У працэсе ўзгаднення гэтага з мясцовымі ўладамі высветлілася цікавая акалічнасць.

Аказваецца, пяць гадоў таму ў нас тут такія кабелі паклалі, што яны не вытрымаюць магутнасці, — расказвае Уласевіч. — Я літаральна выцягнуў з іх патрэбную мне магутнасць. Сем кілават мне трэба было, а на трансфарматары нашым толькі восем лішніх заставалася. І я вось гэтыя сем забраў сабе, а суседка пайшла прасіць, ёй ужо не далі.

Будзем жыць побач з атамнай электрастанцыяй, а катлы электрычныя людзі сабе паставіць не змогуць, вось такая сітуацыя».

• Текст доступен на языке: Русский