Фота Міхаіла Куляша. Калі ў мінулым годзе ў фатографа з Вілейкі Міхаіла Куляша хапала вясельных заказаў, то сёлета першы ў сезоне быў у суботу.

Пра тое, як паўплываў каронавірус на вяселлі ў рэгіёне, мы распыталі прадстаўнікоў розных накірункаў, што абслугоўваюць індустрыю.

ЗАГС: мінімум гасцей

Начальнік аддзела ЗАГС Смаргонскага райвыканкама Інэса Лук’янава расказала пра змяненні ў вяселлях:

– Не сказала б, што распісвацца сталі заўважна менш. Некалькі пар адмовіліся ад правядзення цыромоніі, некалькі перанеслі свята на верасень, а некалькі проста адклалі без даты. Калі пары распісваюцца ў ЗАГСе, мы запрашаем на ўрачыстасць не больш за дзесяць гасцей.

У дэкоры – мінімалізм

Таццяна Лянкевіч займаецца дэкорам на Смаргоншчыне і Маладзечаншчыне. Жанчына расказвае, што мінулы год быў нашмат больш насычаны, сёлета ж адзін заказ на тыдзень – ужо някепска.

З надыходам лета сітуацыя палепшылася, маладыя сталі больш актыўна запрашаць дэкаратара. Многія пары абіраюць вяселле ў фармаце «роспісь ў ЗАГСе+фотасесія на памяць». Таму дэкор трапляе ў той сектар, на якім можна сэканоміць.

Калі ж прадугледжаны банкет, то маладыя аддаюць перавагу мінімальнаму ўпрыгожванню – дэкор зоны маладых, крыху на сталах гасцей.

Першы заказ за сезон

Фатограф з Вілейкі Міхаіл Кулеш першы вясельны заказ за сезон быў 13 чэрвеня.

– Заказы зменшыліся на 99%, першая замова ў гэтую суботу і больш пакуль няма. Што будзе далей па вяселлях, невядома. Уся надзея на лета-восень. Калі так і далей пойдзе, давядзецца зачыняць ІП і ісці на самазанятасць. Бо трэба плаціць арэнду, ФЗСН – каля 130 рублёў. Два месяцы сядзеў на самаізаляцыі. Было некалькі прыватных замоў, пакуль выязджаю толькі на выпускных альбомах. І тое, каб сплаціць фонд сацыяльнай абароны насельніцтва.

Адмовяцца хутчэй ад банкета

Некаторыя маладзечанскія фатографы заўважаюць, што хаця заказаў і менш, але яны ёсць. Маладыя імкнуцца захаваць у памяці святочны дзень на фота.

А вось банкет могуць адкласці ці наогул адмовіцца.

– Канешне, сітуцыя паўплывала на сезон, – кажа фатограф Уладзімір Цынцавіцкі. – Але людзі ўсё роўна жэняцца. У Маладзечне за выхадныя было 18 роспісяў. Некаторыя адважваюццца і на свята ў рэстаране. Там госці без масак, але хто адчувае ад сябе небяспеку, сам не пойдзе на свята.

«Не самы страшны крызіс»

Музыкант Дзмітры Рудык адзначае, што за сезон не меў ніводнай адмовы ад святкавання вяселля. І дадае, што за 26 год кар’еры сёлетні крызіс – не самы страшны:

– Самы сур’ёзны быў, калі долар утрая падскочыў, ну яшчэ ў 2001 годзе было адчувальна, тры месяцы без працы быў. Сёлета ж асаблівых змяненняў няма. Запрашаюць крыху менш гасцей, бывае. Цэны мы не мянялі. Людзі гуляюць, як і гулялі, і самі адказваюць за сябе.

• Текст доступен на языке: Русский