Фота astrakhanfm.ru.

Міністэрства аховы здароўя Літвы зацвердзіла спіс 45 краін, у якіх за апошнія 14 дзён узровень захворвання на каронавірус быў вышэйшы за 25 выпадкаў на сто тысяч жыхароў. Гэты спіс будзе абнаўляцца кожны тыдзень. Яго будзе аб’яўляць Міністэрства аховы здароўя, піша Delfi.lt.

У спісе ў асноўным не краіны Еўрасаюза і Еўрапейскай эканамічнай зоны. Людзі, якія вярнуліся з гэтых краін у Літву, павінны 14 дзён правесці ў самаізаляцыі. Акрамя таго, яны на працягу 48 гадзін павінны зарэгістравацца ў Нацыянальным цэнтры грамадскай аховы здароўя, падаць свае даныя спецыялістам.

Замежнікі з гэтых краін у Літву могуць прыехаць толькі ў выключным выпадку. Тыя, хто атрымае дазвол на прыезд, павінны 14 дзён правесці ў ізаляцыі

У спіс уваходзяць такія краіны, як Афганістан, Аргенціна, Арменія, Азербайджан, Бразілія, ЗША, Ірак, Джыбуці, ААЭ, Іран, Гандурас.

З еўрапейскіх краін гэта Андора, Сан-Марына, Малдова, Гібралтар, Паўночная Македонія, Партугалія, Швецыя і, безумоўна, Беларусь, дзе 119 выпадкаў на 100 тысяч жыхароў за апошнія 14 дзён. 

• Текст доступен на языке: Русский