17 чэрвеня ў Маладзечна ўпершыню ў гэтую выбарчую кампанію прыехаў адзін з прэтэндэнтаў у кандыдаты ў прэзідэнты Беларусі Валер Цапкала.

Ён анансаваў прыезд у Маладзечна ўчора ўвечары ў сацыяльных сетках. Валер Цапкала разам з жонкай Веранікай правёў выбарчы пікет на Брадвеі каля кінатэатра «Радзіма».

— Мне здаецца, што паўстала нейкая патрэба ў людзей у тым, каб памяняць кірунак руху, памяняць курс, — з такіх словаў пачаў сустрэчу прэтэндэнт у кандыдаты.

Цапкала адзначыў, што цяпер у Беларусі няма праграмы будучыні. Ён спаслаўся на ЗША, дзе кожны кандыдат у прэзідэнты ідзе з лозунгам пра перамены ў будучыні.

Цапкала распавядаў пра праблемы з беларускай сістэмай адукацыі. Адзначыў, што не бачыць нічога кепскага, калі беларусы з грашыма будуць укладацца ў адукацыю: фінансаваць школы і ўніверсітэты, будаваць новыя корпусы для каледжаў і ВНУ.

Валер Цапкала заявіў, што яго ініцыятыўная група сабрала 200 тысяч подпісаў.

Цапкала расказваў пра беларускую эканоміку і яе інтэграцыю ў сусветную.

Прэтэндэнт у кандыдаты сказаў, што ў выпадку, калі будзе другі тур, а ён не трапіць у яго, падтрымае іншага альтэрнатыўнага кандыдата.

Цапкала адказваў на пытанні людзей, якія сабраліся падчас яго выступу.

— Я выступаю за розны спектр, які будзе існаваць у нашай краіне. І за бел-чырвона-белы сцяг, скажам, на правым спектры — гэта таксама нашы грамадзяне, яны маюць права высказваць сваё меркаванне. І да левага, дзе прысутнічае «Белая Русь», БРСМ, калі сапраўды ёсць частка грамадзян, якая падтрымлівае. Праўда, не ведаю, колькі іх — 3% ці 5%.

Спадар Цапкала паразважаў аб беларускай гісторыі і мове. Заўважыў, што першая Канстытуцыя ў Еўропе з’явілася менавіта на тэрыторыі беларускіх зямель.

Жанчына, якая прадставілася жыхаркай Маладзечна, расказала ў інтэрв’ю «Радыё Свабода», што ў горадзе на пікеты збіраецца шмат людзей. Жанчына сказала, што не можа ўспомніць, каб такое адбывалася ў іншыя выбарчыя кампаніі.

Сустрэча працягвалася каля гадзіны, па большай частцы людзі задавалі Цэпкалу пытанні, ён адказваў. Тым часам мінакі падыходзілі паставіць подпісы да ініцыятыўных групаў трох прэтэндэнтаў у кандыдаты — Валера Цапкалы, Святланы Ціханоўскай і Віктара Бабарыкі, якія знаходзіліся ля кінатэатра «Радзіма».

Фота Настассі УТКІНАЙ.