Фота astrakhanfm.ru.

Ад панядзелка, 15 чэрвеня, Германія адмяніла апошнія абмежаванні на дзяржаўных межах. Цяпер грамадзяне могуць перасякаць іх бесперашкодна, як і было да пандэміі. Раней адпаведнае рашэнне прынялі ўлады краіны, піша tass.ru.

У Афрыку, Азію, Амерыку немцы пакуль не трапяць

ФРГ увяла абмежаванні на неабавязковыя паездкі за мяжу 17 сакавіка. З тых часоў на межах дзяжурылі шэсць тысяч супрацоўнікаў федэральнай паліцыі. Амаль 200 тысяч чалавек не пусцілі ў ФРГ за апошнія тры месяцы, паведаміў кіраўнік МУС Хорст Зэехофер. Ад сярэдзіны мая рэжым памежнага кантролю паступова памякчалі, цяпер яго адмянілі цалкам.

Таксама адмянілі папярэджанне аб небяспецы падарожжаў у 29 краін Еўропы (члены ЕС і Шэнгена). Адпаведныя папярэджанні ўлады ФРГ выносяць, калі мяркуюць, што абстаноўка ў той ці іншай краіне пагражае нямецкім грамадзянам. Адмена гэтага рэжыму азначае аднаўленне рэгулярных пералётаў. Адначасова да 31 жніўня захоўваецца папярэджанне на паездкі ў больш як 160 дзяржаў за межамі Еўропы. Гэта азначае, што жыхарам Германіі не ўдасца правесці адпачынак у краінах Афрыкі, Азіі, Амерыкі. Да верасня будуць магчымыя кропкавыя выключэнні, калі ў якой-небудзь краіне эпідэміялагічная абстаноўка істотна палепшыцца.

Працуюць пляжы, гатэлі, турбазы

Адкрываючы межы, улады ФРГ папярэджваюць, што грамадзянам самім прыйдзецца вырашаць магчымыя праблемы, калі другая хваля захворвання заспее іх у паездцы. Калі Германія ў сярэдзіне сакавіка ўвяла абмежаванні, высветлілася, што за мяжой знаходзіцца каля 240 тысяч нямецкіх турыстаў. Іх вярнулі на  радзіму за пяць тыдняў. У Міністэрстве замежных спраў папярэдзілі, што другі раз такую акцыю ўлады правесці не змогуць.

Германія ўжо на працягу некалькіх тыдняў паступова змякчае забароны, уведзеныя з-за каронавіруса. Ва ўсіх федэральных землях запрацавалі музеі, фітнес-клубы, басейны пад адкрытым небам, пляжы, гатэлі, турбазы, рэстараны, бары, крамы, дзіцячыя садкі.

Але! Не збірацца кампаніямі, большымі за дзесяць чалавек

Пры гэтым абмежаванні на сацыяльныя кантакты пакуль дзейнічаюць – збірацца можна максімум у дзесяцёх або ў коле прадстаўнікоў дзвюх дамашніх гаспадарак. Застаецца ў сіле масачны рэжым у крамах і грамадскім транспарце.

За перыяд пандэміі ў ФРГ каронавірусам заразілася больш за 186,2 тысячы чалавек,  172 тысячы ачунялі. Памерлі 8 700 пацыентаў. Тэмпы пашырэння інфекцыі ў краіне скарачаюцца  ад мая.

Новыя тэхналогіі – у дапамогу немцам

Ужо 16 чэрвеня германскія распрацоўшчыкі прадставілі грамадскасці дадатак для смартфонаў, які дазволіць адсочваць кантакты носьбітаў каронавіруса.

Выкарыстоўваць яго можна будзе выключна добраахвотна. Прынцып працы наступны: пры ўключаным перадатчыку блютуз смартфоны карыстальнікаў, якія, да прыкладу, стаяць у адной чарзе ў краме, будуць фіксаваць адзін аднаго і захоўваць гэту інфармацыю ва ўнутранай памяці. Калі пасля хтосьці захварэе, то аўтаматычныя апавяшчэнні прыйдуць усім, хто знаходзіўся побач – на вуліцы, у краме, у транспарце і гэтак далей.

Калі пачнуць выдаваць візы і хто можа атрымаць яе цяпер

Як паведамляюць у Пасольстве Германіі ў Беларусі, выдача віз прыпыненая да 1 ліпеня. Візавыя хадайніцтвы могуць разглядацца ў выключных выпадках.

Так хадайніцтва на выдачу нацыянальнай візы могуць разгледзець у двух выпадках:

  • калі вы медыцынскі работнік,
  • калі член сям’і – грамадзянін Германіі, які апынуўся ў надзвычайных абставінах.

Хадайнічаць на атрыманне шэнгенскай візы можна для:

  •  міжнародных грузаперавозак
  • экстранных медыцынскіх выпадкаў
  • іншых гуманітарных мэт.

• Текст доступен на языке: Русский