Пра сваю вандроўку піша Вячаслаў Курбака.

Кожны куточак нашае планеты па свойму своеасаблівы і цікавы. Кагосьці цягне веліч заснежаных Альпаў, Карпат, Андаў. Хтось аддае перавагу вывучэнню берагавых пляжаў у цёплых краях. Нехта з задавальненнем блукае па вузкіх вулачках старадаўніх гарадоў і з цікавасцю слухае расповяды пра гісторыю і мінуўшчыну таго краю.

Але для таго, каб у поўнай меры разумець чужую гісторыю і культуру, перш за ўсё патрэбна з шанаваннем і павагай адносіцца да сваёй. І перш за ўсё ведаць як мага болей пра тое месца і яго ваколіцы, дзе табе пашчасціла нарадзіцца.

Дзякую Ўсявышняму, што быў народжаны ў багатым на гісторыю Віленскім краі. Шмат у ім цікавых месцаў, легендаў і паданняў. І таму, як маю час, стараюся падарожнічаць і пабачыць як мага болей з гістарычных цікавостак нашае малой радзімы.

Крыўдна часам стае ад таго, што мясцовыя жыхары кажуць, быццам у нашым краі няма ніякіх цікавых гістарычных месцаў. Гэта не так!

Звычайна за жыццёвымі клопатамі не маю часу на доўгія падарожжы і вандроўкі, але калі з’яўляецца вольная часіна, то падарожжа па рэгіёне – лепшы адпачынак. Так, прапаную жыхарам свой маршрут для аднадзённага цікавага падарожжа па нашым краі, што склаўся ў мяне ў апошнія гады: Маладзечна-Лебедзева-Беніца-Крэва-Баруны-Багданава-Гальшаны-(адваротна)-Дзясятнікі-Вішнева-Валожын-Літва-Палачаны-Маладзечна.

Капліца ў Лебедзеве.

Капліца ў Лебедзеве.

Капліца ў Лебедзеве.

Капліца ў Лебедзеве.

Маршрут гэты лепш адольваць на ўласным транспарце невялічкай кампаніяй (4-5 чалавек). Будзе гэтак і больш аператыўна, і нашмат зручней, чым грамадскім транспартам.

І, зрэшты, будзе ён уключаць не толькі агляд славутасцяў, як п: царква і капліца ў Лебедзеве, выдатны касцёл у Беніцы, славуты Крэўскі замак, кляштар у Барунах, руіны сядзібы Рушчыцаў у Багданаве, Гальшанскі замак і манастыр, вайсковыя могілкі Першай сусветнай ў Дзясятніках, касцёл і царква ў Вішневе, адметная цэнтральная забудова Валожына і г.д.

Касцёл у Валожыне.

Касцёл у Валожыне.

Касцёл у Валожыне.

Касцёл у Валожыне.

Падчас гэтага маршруту можна будзе зрабіць прыпынак для пікніка і проста адпачыць душой на ўлонні нашай прыроды: на маляўнічым возеры у Сантоках (ля Багданава), ля былой панскай электрастанцыі на беразе Гальшанкі (у Дзясятніках), на пяшчаным пляжы ў вёсцы Сакаўшчына, на беразе Зах. Дзвіны (ля в. Літва).

Ну і канечне, вельмі б параіў прайсціся даваеннымі вулачкамі роднага Маладзечна, адметнымі цікавымі будынкамі часоў другой Рэчы Паспалітай.

Дадаткова рэкамендую патраціць дзянёк на наведванне такога знакавага паселішча ў нашым рэгіёне, як Радашкавічы. У мястэчку цікавасць выяўляе: адметная забудова цэнтра, касцёл 16 ст. і царква на самай высокім узвышшы ў пасёлку, старыя могілкі, дзе пахаваныя паўстанцы 1863 г., канал водна-вілейскай сістэмы, на беразе якога мясцовыя жыхары часта ладзяць пікнікі і шпацыры і г.д..

Вайсковы мемарыял Дзясятнікі.

Вайсковы мемарыял Дзясятнікі.

Ну і канечне, проста неабходна наведаць цікавыя экскурсіі і даведацца пра спрадвечнае беларускае рамяство – ганчарства, таксама паспрабаваўшы і сябе ў ролі народнага майства.

Наш край багаты на дзівосныя мясціны, таму гісторыю яго трэба вывучаць і шанаваць!