Артэміс Ахпаш. Фота facebook.com.

Такую заяву тэлевядучы АНТ, маладзечанец, Артэміс Ахпаш, размясціў на сваёй старонцы ў фэйсбуку. Вось што напісаў Артэміс:

«Калегі, журналісты, вядучыя і дыктары ТБ! Я хачу звярнуцца да вас! Кожны раз, калі з экранаў ТБ/Радыё вы прамаўляеце адкрытую хлусню пра падзеі, якія зараз адбываюцца, што вы адчуваеце прыходзячы дадому?

Няўжо ў сваёй «службовай кватэрцы» вы настолькі забываеце пра ўсё? Вас усё задавальняе? Для мяне Вы нічым не лепш, а то і горш тых прадстаўнікоў «праваахоўных органаў», якія ні за што «пакуюць» людзей у аўтазакі. Людзі, якіх затрымліваюць, не экстрэмісты, не тэрарысты, не ўзброеныя бандыты – гэта такія ж беларусы, якія проста выйшлі на вуліцу, каб адной сваёй прысутнасцю паказаць сваё стаўленне да падзей, якія адбываюцца. Іншага спосабу выказаць свае пачуцці і меркаванне ў нас не засталося. Няўжо вы згодныя і дыхаць па ўказцы?

За ўсе дзесяць гадоў працы на ТБ я рады, што ніколі не з’яўляўся інструментам прапаганды. Мне неаднаразова прапаноўвалі стаць вядучым навін, але я кожны раз адмаўляўся.

Мне заўсёды быў бліжэй жанр entertainment ( “РГ”: забаўляльныя). І перад сваім гледачом я сумленны! У здаровым розуме я аддаю сабе справаздачу, што пасля гэтага звароту доступ на ТБ мне будзе зачынены. З «такім» тэлебачаннем мне не па дарозе.

P.s. Усе Вы ведаеце Уладзіміра Познера. Дык вось самая страшная рэч, якую, па яго словах, ён ніколі сабе не даруе – гэта тое, што ў савецкі час ён быў «інструментам дзярж. прапаганды».

P.p.s. Учора, у той час, калі на вуліцах Мінска, Брэста, Магілёва, Гродна і Маладзечна АМАП «пакаваў»  грамадзян, што выйшлі на вуліцы, па ОНТ паказвалі «100-гадовы юбілей расійскага цырка». Якая падвойная іронія…»