Пётркув-Трыбунальскі. Фота triplook.me.

Сёлета 9 мая ў маладзечанкі Людмілы Святохі ад раніцы быў асаблівы настрой. Глядзела тэматычныя перадачы па тэлебачанні, слухала ваенныя песні. І адчувала: сёння павінна здарыцца нешта важнае. І вось гартаючы стужку ў сацсетцы, на старонцы «Рэгіянальнай газеты» заўважыла пост пра вераснёвых смертнікаў.

Гаспадарка, жонка, маленькі сын: як жыў да войска Юльян Святоха

– Калі я пачала чытаць артыкул, чамусьці ўжо ведала, што ў спісе загінулых знайду свайго дзядулю Юльяна Святоху. Відаць, інтуіцыя. Яшчэ не дачытаўшы артыкул да канца, пачала праглядаць спіс і знайшла прозвішча роднага чалавека. Чытала і плакала, і зноў перачытвала, – падзялілася Людміла з карэспандэнтам.

Па словах Людмілы, яе дзядулю, Юльяна, 1906 года нараджэння, прызвалі ў Войска Польскае ў 1939 годзе з вёскі Кумельшчына Даўгінаўскай гміны Вілейскага павета Віленскага ваяводства.

У Кумельшчыне Юльян жыў з жонкай Вікторыяй і сынам Іванам, будучым бацькам Людмілы, народжаным у 1938 годзе.

З сям’ёй жыў  і бацька Юльяна, Францішак, 1860 года нараджэння. Маці Юльяна памерла раней. Вікторыя і Юльян былі сялянамі, мелі сваю гаспадарку і кавалак зямлі. Галавой гаспадаркі, згодна з дакументамі, з’яўлялася бабуля.

Пра смерць Юльяна Святохі сям’я даведалася ў канцы 1939 года. Па словах Людмілы, родныя атрымалі пахаванку, але да сёння яна не захавалася. У хуткім часе памёр і бацька Юльяна.

«Юлiсь быў добрым чалавекам, але бог не даў нам шчасця»

– Жыць бабулі было вельмі цяжка. Пасля вайны яна выйшла замуж за ўдаўца ў суседнюю вёску Дуброўка. Ва ўдаўца было чацвёра сваіх дзяцей. Там бабуля жыла да самай смерці, да 1994 года, – расказвае Людміла.

Другі муж Вікторыі быў чалавекам жорсткім, аўтарытарным і ўспамінаць пра Юльяна ў яго хаце было забаронена.

Але, па словах суразмоўцы, бабуля часта ўспамінала першага мужа і казала: «Юлiсь быў добрым чалавекам, не скупым, але бог не даў нам шчасця».

Пасля таго як бабуля выйшла замуж другі раз, Іван, тата Людмілы, застаўся жыць у сваім доме ў Кумельшчыне адзін, бо новы муж бабулі не прыняў пасынка. Гэта ж быў лішні рот у доме. Хлопцу дапамагала цётка Зося, сястра Вікторыі.

– Калі прыйшоў час, бацьку прызвалі ў армію, – працягвае Людміла. – Ён адслужыў, вярнуўся ў вёску, прадаў дом і з’ехаў жыць і працаваць у Маладзечна. Стварыў сваю сям’ю, у якой нарадзіліся двое дзяцей: я і мой брат Ігар.

Усё жыццё тата Людмілы прапрацаваў кіроўцам на аўтабазе. Свайго тату, Юльяна Святоху, ён не памятаў. Але да самай смерці не траціў надзею знайсці яго магілу, прасіў пра гэта дачку. Са слоў маці Іван памятаў толькі тое, што бацька забіты каля польскай ракі і пахаваны недзе каля Варшавы.

Звярталіся ў Цэнтральны польскі архіў, а дапамог Францішак Жылка

Каб знайсці магілу дзядулі, Людміла звярталася ў Цэнтральны вайсковы архіў Польшчы, у Варшаве. Але адказу не атрымала. Просьба бацькі задаволілася толькі сёлета 9 мая дзякуючы Францішку Жылку.

– Першым чалавекам, з кім я падзялілася навіной, што знайшла дзядулю, быў мой сын.

Ён цяпер якраз жыве ў Польшчы. За гадзіну да таго, як я знайшла артыкул, патэлефанавала сыну, пагутарылі. Сказала, што сёння такое свята і менавіта ў Польшчы дзесьці ёсць магіла твайго прадзеда, – расказвае Людміла.

Жанчына лічыць вельмі сімвалічным, што менавіта ў Дзень Перамогі яе сям’я даведалася, дзе пахаваны дзядуля і прадзядуля.

– Як толькі будзе магчымасць, здымуць абмежаванні па ўездзе­-выездзе, мы абавязкова з’ездзім у горад Пётркуў­Трыбунальскі, што ў Лодзінскім ваяводстве.

Дзякуй Францішку Жылку за тое, што мы нарэшце знайшлі магілу дарагога чалавека і цяпер зможам пакланіцца ёй, – падсумавала Людміла.

Даведка «РГ»

«Вераснёвыя смертнікі» – жаўнеры 86-га Маладзечанскага пяхотнага палка ў Гелянове, якія ў верасні 1939 года стрымлівалі немцаў на подступах да Варшавы. Яны першымі прынялі ўдар Германіі ў Другой сусветнай. 250 вайскоўцаў гэтага палка, што загінулі ў верасні 1939 года, пахаваныя ў Польшчы, у горадзе Пётркуве-Трыбунальскім.

Шаноўныя чытачы, калі вы знайшлі сваіх родных у спісе «вераснёвых смертнікаў», паведаміце, калі ласка, нам па тэлефоне (8-0176) 53-78-06, (8-029) 503-52-95 або напішыце на пошту regionnews@rh.by. Мы абавязкова раскажам вашу гісторыю. Можаце таксама звязацца з Францішкам Жылкам: (8-029) 619-64-72, e-mail: info@fra-mil.by.

• Текст доступен на языке: Русский