АМАП затрымлівае людзей падчас акцыі ў Маладзечне. Фота Настассі УТКІНАЙ.

У дачыненні да ўдзельнікаў бойкі з супрацоўнікамі АМАПу ўзбудзілі крымінальную справу. Гэтую інфармацыю пацвердзілі ў Следчым камітэце.

Інцыдэнт адбыўся ў гэтую пятніцу, 19 чэрвеня, падчас акцыі «Ланцуг салідарнасці» ў Маладзечне.

— У рамках крымінальнай справы па артыкуле 363 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь Маладзечанскім раённым аддзелам Следчага камітэта высвятляюцца ўсе абставіны, — паведамілі ў ведамстве.

Ад больш падрабязных каментароў прадстаўнікі Следчага камітэта адмовіліся.

Па артыкуле 363 (Супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў або іншай асобе, якія ахоўваюць грамадскі парадак) могуць пагражаць папраўчыя работы на тэрмін да двух гадоў, або арышт, або абмежаванне волі на тэрмін да трох гадоў, або пазбаўленне волі на тэрмін да двух гадоў.

Калі гэта ж дзеянне спалучана з ужываннем гвалту або з пагрозай яго прымянення, цi прымусам гэтых асоб шляхам прымянення гвалту або пагрозы яго прымянення да выканання відавочна незаконных дзеянняў, пакаранне стражэй: абмежаванне волі на тэрмін да пяці гадоў або пазбаўленне волі на той жа тэрмін.