Раніцай ля будынка суда ў Маладзечне сабраліся сваякі, блізкія затрыманых Міколы Алейніка, Андрэя Багамолава, Паўла Пяскова. Тут жа актывісты і журналісты. Яны прыйшлі на суд.

Галіна Алейнік.

Раніцай Галіне Алейнік, маці Міколы, паведамілі, што суд будзе праходзіць па відэасувязі з затрыманымі, якія цяпер знаходзяцца ў Маладзечанскім РАУС.

Юры Алейнік.

Родныя Алейніка напісалі заявы, каб старэйшы брат, Юры, быў абаронцам у Мікалая і каб родных абавязкова папярэдзілі пра дакладны час суда.

Журналісты «Рэгіянальнай газеты» ля будынка суда пагутарылі з бацькам затрыманага Андрэя Багамолава, Аляксандрам.

Мужчына распавёў, што сына забралі проста з запраўкі, калі той пайшоў па цыгарэты.

Дакладны час судовых пасяджэнняў стаў вядомы – пасяджэнне па Алейніку – у 16.00. Па Багамолаву – у 17.00.

Суддзя – Вольга Дубовік. Алейніка і Багамолава будуць судзіць за адміністрацыйнае правапарушэнне, прадугледжанае часткай першай, артыкулам 23.34 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь – парушэнне парадку арганізацыі ці правядзення масавых мерапрыемстваў.

Алейніку ўмяняюць яшчэ артыкул 23.4. – непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы дзяржаўнага органа (арганізацыі) пры выкананні ім службовых паўнамоцтваў асобай, якая не падначаленая яму па службе.

Артыкул цягне накладанне штрафу ў памеры ад двух да пяцідзесяці базавых велічынь або адміністрацыйны арышт.

Журналісты нашай газеты будуць прысутнічаць на судовых пасяджэннях.

Мы правялі анлайн з суда

16:17. – па відэасувязі пачаўся суд над Мікалаем Алейнікам. Перад пачаткам хлопец пагаварыў з роднымі. Мама, Галіна Алейнік, сказала сыну, каб трымаўся і не адмаўляўся ад ежы.

Пацярпелы – камандзір роты абласнога АМАПАа, лейтэнант Баранаў. Сведка Якавенка.

16:24 – Мікалай Алейнік хадатайнічае, каб прадстаўніком быў яго брат Юры. Пацярпелы не супраць. Суддзя, Вольга Дубовік, адмовіла.

Юры Алейнік хацеў выступіць. Яму таксама адмовілі.

16:25 – зачытваюць пратакол пра тое, што Мікалай Алейнік публічна выражаў незадаволенасць дзеючай уладай, адмаўляўся выконваць патрабаванні Баранава, даганяў службовы аўтамабіль.

16:27 – Мікалай Алейнік не прызнае сябе вінаватым. Дае паказанні. Расказвае, што выйшаў пагуляць з сябрам. Потым работнікі міліцыі забралі яго. Стала дрэнна з сэрцам.  У яго – хранічны пралапс сэрца. Хлопец папрасіў доктара. Яму зрабілі ўкол. Цяпер таксама няважна сябе адчувае.

Суддзя:

– У колькі вы прыйшлі на мерапрыемства?

Алейнік:

– Я прыйшоў на сустрэчу з сябрам.

Аб’явілі перапынак – пяць хвілін. У судзе дрэнная відэасувязь. Таму Міколу Алейніка з РАУС прывязуць у суд. Чакаюць.

17:05 – Прывезлі Мікалая Алейніка. Яму кепска. Выклікалі хуткую. Суд пакуль не пачынаюць.

Суддзя:

– Хуткая сказала, што вас абследавалі. Няма перашкод для судовага пасяджэння.

Падчас перапынку праваабаронца, прадстаўнік Хельсінскага камітэта Эдуард Баланчук пракаментаваў журналістам, што адмовіўшы ў праве на абарону, суддзя груба парушыла правы Мікалая Алейніка. (артыкул 4.5 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь) 

17:40 – працягваецца суд. Алейнік працягвае паказанні:

– Мы з сябрам дамовіліся пагуляць. Праспект перакрылі. Мы назіралі, што адбываецца. Нечакана мяне затрымалі. Я не зразумеў, што адбылося.

17:47 – Мікалай зноў звяртаецца да суддзі з хадатайніцтвам пра абарону. Суддзя кажа, што дакумент не павінен разглядацца, бо падпісаны Юрыем Алейнікам, а ён – не ўдзельнік працэсу.

17:48 – Мікалай патрабуе абаронцу. У судзе аб’яўляюць перапынак да прыбыцця абаронцы.

18:23 – Прыйшоў адвакат Маліноўскі. Сваякі кажуць, што хочуць іншага адваката.

18:25 – Працягваецца суд. Мікалай Алейнік кажа, што хоча сабе іншага адваката.

Суд працягнецца 24 чэрвеня ў 10:00. На гэты раз хадатайніцтва аб прадстаўленні абароны задаволілі.

Нагадаем, што маладзечанца Міколу Алейніка АМАП затрымаў 19 чэрвеня ўвечары падчас «ланцуга салідарнасці» ў горадзе. З-за гэтай жа акцыі таксама затрымалі гараджан Паўла Пяскова і Андрэя Багамолава.

Фота Настассі УТКІНАЙ.

Відэа Зоі ХРУЦКАЙ.

• Текст доступен на языке: Русский