Маці Алейніка абдымае Андрэя Багамолава пасля першага дня судоў. Фота Настассі Уткінай.

22 чэрвеня ў Маладзечне прайшлі суды над Мікалаем Алейнікам і Андрэем Багамолавым, затрыманых 19 чэрвеня падчас «ланцуга салідарнасці». Суды над абодвума працягнуцца 24 чэрвеня.

Суддзёй у абодвух была намеснік старшыні суда Маладзечанскага раёна па крымінальных справах Вольга Дубовік.

Мікалай Алейнік праходзіць па частцы 1 артыкула 23.34 і артыкуле 23.4 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях. Андрэй Багамолаў – па частцы 1 артыкула 23.34.

Пасля падзей 19 чэрвеня затрымалі і маладзечанца Паўла Пяскова. Яму прад’явілі абвінавачванне па частцы 2 артыкула 363 Крымінальнага кодэкса – супраціўленне супрацоўніку міліцыі або іншай асобе пры выкананні абавязкаў па ахове грамадскага парадку спалучанае з ужываннем гвалту або з пагрозай яго прымянення, цi прымус шляхам прымянення гвалту або пагрозы яго прымянення да выканання відавочна незаконных дзеянняў. Санкцыя – абмежаванне або пазбаўленне свабоды на тэрмін да пяці год.

Злева Мікай Алейнік. Справа пацярпелы Баранаў і сведка Якавенка.

16:17 Пачалося судовае паседжанне над Мікалаем Алейнікам. Алейнік хадайнічае аб прыцягненні брата Юрыя ў якасці абаронцы. Суддзя запыталася, ці з’яўляецца ён адвакатам і ці мае юрыдычную адукацыю – на абодва пытанні адмоўны адказ. Запыталіся ў пацярпелага, ці мае ён пярэчанні па хадайніцтву, той адказаў, што не мае. Суддзя на месцы пастанавіла адмовіць у задавальненні хадайніцтва.

Суддзя зачытала пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні. Алейніку ўмяняецца ў віну, што 19 чэрвеня ад 20 да 22:15 знаходзіўся каля дома №107 па Вялікім Гасцінцы, парушыў артыкул 10 Закона аб масавых мерапрыемствах. Гэта выразілася ў прыняцці актыўнага ўдзелу ў сумеснай масавай прысутнасці грамадзян у загадзя ўстаноўлены час і загаддзя вызначаным грамадскім месцы без адпаведнага дазволу Маладзечанскага райвыканкама.

Падчас гэтага публічна выказваў незадавальненне і свае адносіны да існуючый улады.

Паводле другога пратакола, каля 22:16 Алейнік быў затрыманы па частцы 1 артыкула 23.34 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях. Падчас затрымання, паводле пратакола, адмаўляўся выконваць патрабаванні супрацоўнікаў міліцыі, а менавіта камандзіра групы АМАП УУС Мінаблвыканкама лейтэнанта міліцыі Баранава ўвайсці ў службовы аўтамабіль для дастаўлення ў Маладзечанскі РАУС. Хапаўся за форменнае абмундзірванне, адмахваўся, спрабаваў збегчы, пераследваў службовы аўтамабіль. На неаднаразовыя патрабаванні спыніць супрацьпраўныя дзеянні не рэагаваў.

Гэтым аказаў непавінавенне законнаму патрабаванню службовай асобы дзяржаўнага органа пры выкананні службовых паўнамоцтваў.

Алейнік вінаватым сябе не прызнаў. Сказаў, што будзе даваць паказанні. Алейнік расказаў, што дамовіўся сустрэцца з сябрам у цэнтры горада, правесці разам час, пагуляць. У нейкі момант перакрылі рух на праспекце. Раптам яго забралі. У РАУС яму стала кепска з сэрцам. Расказаў пра тое, як аказвалі медыцынскую дапамогу. Але што і падчас суда кепска сябе адчувае.

Так як па відэасувязі было кепска чуваць словы Алейніка, зрабілі перапынак.

Праваабаронца і прадстаўнік Беларускага хельсінскага камітэта Эдуард Баланчук пракаментаваў, што суддзя адмовай у задавальненні хадайніцтва груба парушыла правы Алейніка на абарону.

17:40 Працягнулі судовае паседжанне. Алейнік сказаў, што кепска сябе адчувае. Суддзя адказала, што яго абследавалі медыкі хуткай дапамогі і па іх заключэнні няма перашкод для правядзення судовага пасяджэння. Суддзя папрасіла паўтарыць расказ пра падзеі 19 чэрвеня, таму што па відэасувязі было кепска чуваць.

Алейнік расказаў, што дамовіўся сустрэцца з сябрам пагуляць. Сустрэліся, гулялі па праспекце. Пасля міліцыя пачала перакрываць вуліцу. Яны з сябрам глядзелі, што там адбываецца. У нейкі момант яго затрымалі, нават не паспеў зразумець, што адбылося. Суддзя спыталася, што там адбывалася. Алейнік адказаў, што перакрылі рух, было многа людзей, якія гулялі.

Алейнік папрасіў заявіць хадайства аб запрашэнні абаронцы. Суддзя ўдакладніла, ён мае абаронцу ці для яго запрасіць. Алейнік перадаў хадайніцтва на абарону, суд не прыняў дакумент да разгляду, так як ён падпісаны братам Мікалая, які не з’яўляецца ўдзельнікам адміністрацыйнага працэса. Суд паўтарыў, што адмаўляе, каб інтарэсы Мікалая прадстаўляў брат Юры. Спытаўся, ці патрабуе ён абаронцу адваката. У судзе перапынак да прыбыцця адваката.

18:22 Прыбыў адвакат юрыдычнай кансультацыі Маладзечанскага раёна Маліноўскі. Ён сказаў, што па адміністрацыйным праве з адвакатам заключаецца пагадненне. Маці Алейніка сказала, што не ведае яго як прафесіянала. Сям’я вырашыла, што запросяць іншага адваката.

Працягнуўся суд. Суддзя спыталася, ці будзе Алейнік заключаць пагадненне з запрошаным абаронцам. Алейнік адказаў, што хоча заключыць пагадненне з іншым адвакатам. Суд пастанавіў задаволіць хадайніцтва. Даў час на заключэнне пагаднення і абвясціў перапынак да 10:00 серады 24 чэрвеня. Алейніку ўручылі павестку пад подпіс.

18:40 Пачаўся суд над Андрэем Багамолавым. Ён падаў хадайніцтва аб атрыманні абароны. Суд хадайніцтва задаволіў. Судовае паседжанне адклалі да 24 чэрвеня, 15:00.

Мікалай Алейнік з братам Юрам, толькі выйшаў з суда.

Алейнік і Багамолаў далі каментар пасля першага дня суда

«Рэгіянальная газета» паразмаўляла з Мікалаем Алейнікам адразу пасля суда:

– Мяне затрымалі ў пятніцу, калі гулялі з сябрам. Не зразумеў, як гэта адбылося, гэта быў нейкі кашмар. Убачыў супрацоўніка, нічога не сказалі, адзін рэзка схапіў мяне і перадаў іншаму.

Жорстка затрымалі, у машыне павалілі на падлогу. Нават не помню гэтага. Павезлі, я нічога не бачыў. Нагамі прыбівалі. Прасіў, толькі не біце, сказаў, што ў мяне з сэрцам праблемы.

Адышоў ад шоку, пачало балець сэрца. Мяне завялі ў кабінет, там было шмат супрацоўнікаў, пачалі допыт. Папрасіў хуткую дапамогу. Спачатку агледзелі дактары ў РАУС, пасля завезлі ў бальніцу, там зрабілі ўкол, крыху патрымалі, зрабілі працэдуры. Пасля кінулі ў камеру. Там была міліцыя ў форме і людзі без формы, не ведаю, хто гэта.

Андрэй Багамолаў.

Андрэй Багамолаў паразмаўляў з намі адразу пасля суда:

– Мяне затрымалі на запраўцы каля 2 гадзін ночы, у ноч з пятніцы на суботу. Я пайшоў па цыгарэты. Спачатку затрымала міліцыя, выклікалі АМАП, яны павезлі. Затрыманне адносна спакойнае – акуляры зламалі, але не білі. Спрабавалі паразмаўляць са мной без пратакола. Даведацца пазіцыю, адносіны.

Адказаў, што без пратакола размаўляць не буду. Яны склалі нейкі пратакол. Я не падпісваў нічога.

На ноч пакінулі ў «адстойнік», а раніцай павезлі на ІЧУ. З Алейнікам я не знаёмы.

Анлайн з суда:

Сёння ў Маладзечне прайшоў суд над затрыманым Міколам Алейнікам з-за «ланцуга салідарнасці» (Фота, Відэа)

«Ланцуг салідарнасці» ў Маладзечне: людзі стаялі ля парку, АМАП затрымаў хлопца

• Текст доступен на языке: Русский