«Схапілі за шыю і павалілі на зямлю». МУС распавёў, што адбылося ў Маладзечне

Прэс-сакратар МУС Вольга Чамаданава паведаміла, што за супраціўленне супрацоўнікам АМАП у Маладзечне пачалі крымінальную справу.

Паводле Чамаданавай, супрацоўнікі крымінальнага вышуку Маладзечанскага РАУС знайшлі двух мясцовых жыхароў, якія аказалі супраціўленне амапаўцам 19 чэрвеня. Гаворка ідзе пра інцыдэнт падчас акцыі ланцуг салідарнасці.

Мужчыны прызнаныя падазраванымі па крымінальнай справе. Нагадаем, пра крымінальную справу стала вядома 22 чэрвеня.

Аднаму з затрыманых 24 гады. Другому нядаўна споўніўся 31 год — гэта Павел Пяскоў, якого сёння асудзілі па адміністрацыйнай справе.

Чытайце яшчэ: Паўла Пяскова асудзілі па адміністрацыйнай справе на 50 базавых

Як паведамляе Вольга Чамаданава, увечары 19 чэрвеня падазраваныя напалі на супрацоўнікаў АМАПу, калі тыя ахоўвалі грамадскі парадак у Маладзечне.

Супрацоўнікі таксама ў гэты ж час затрымлівалі і 25-гадовага жыхара райцэнтра за адміністрацыйныя правапарушэнні (той зладзіў правакацыю падчас несанкцыянаванага масавага мерапрыемства і не падпарадкоўваўся законнаму патрабаванню міліцыянта спыніць супрацьпраўныя дзеянні).

Нагадаем, гаворка ідзе пра Мікалая Алейніка, суд на якім яшчэ не адбыўся. Суд пройдзе толькі 24 чэрвеня.

Чытайце яшчэ: Сёння ў Маладзечне прайшоў суд над затрыманым Міколам Алейнікам з-за «ланцуга салідарнасці» (Фота, Відэа)

Чытайце яшчэ: Як прайшоў першы дзень судоў над Алейнікам і Багамолавым – цалкам

Чамаданава піша, што маладыя людзі схапілі амапаўцаў за шыю і павалілі на зямлю. Пры гэтым адзін з іх паспрабаваў ударыць супрацоўніка нагой.

Раней, 20 чэрвеня, Вольга Чамаданава таксама пракаментавала фотаздымак, які зрабіла карэспандэнт нашай газеты, на якім амапавец трымае пісталет.

— Гэта баявы пісталет, — адказала Вольга Чамаданава. — Але зброю не выкарыстоўвалі і не збіраліся. Было так: падчас затрымання і валтузні кабура расшпілілася, пісталет выслізнуў з яе, амапавец яго падхапіў і адразу вярнуў назад».