Пошукавая група. Фота МНС.

22 чэрвеня ў 8:51 выратавальнікам паведамілі пра тое, што трэба дапамагчы ў пошуках чалавека каля вёскі Коркі Мядзельскага раёна. Да месца пошукаў выехалі падраздзяленні МНС, у тым ліку пошукава-выратавальная група Рэспубліканскага атрада спецпрызначэння МНС, якую ўзначаліў начальнік дзяжурнай змены цэнтра аператыўнага кіравання РАСН Яўген Высоцкі.

Устанавілі, што 21 чэрвеня каля 12:00 пенсіянер з вёскі Коркі пайшоў з дому ў лес і знік. У пошуках удзельнічала каля сарака чалавек: выратавальнікі МНС, работнікі РАУС і мясцовыя жыхары. Шукалі нават з паветра пры дапамозе квадрокоптара.

23 чэрвеня ў 11:20 пошукавая група ў полі, каля вёскі Хоневічы, знайшла знясіленага мужчыну.

Выратавальнікі на квадрацыкле даставілі пенсіянера ў штаб пошукава-выратавальных работ, адкуль перадалі медыкам для далейшай шпіталізацыі.

– Адзін з мясцовых жыхароў паказаў, што каля дзесяці гадзін раніцы на палявой дарозе, паблізу Хоневічаў, ён сустрэў пенсіянера. Гэта дазволіла істотна звузіць сектар для далейшага пошуку, – распавёў Яўген Высоцкі. – Пешымі групамі па чатыры чалавекі і кіналагічнай службай мы прачэсвалі гэты ўчастак у пошуках мужчыны, а на двух квадрацыклах аб’язджалі лясныя дарогі. Неўзабаве знайшлі сляды заходу ў поле, а пазней – і самога пенсіянера. У выніку за час выратавальнай аперацыі пошукава-выратавальнай групай РАСН МНС было пройдзена каля 50 кіламетраў лясу і палявых дарог як пешшу, так і з выкарыстаннем квадрацыклаў.

• Текст доступен на языке: Русский