Андрэй Багамолаў.

У 15.15 пачалося судовае пасяджэнне па Андрэю Багамолаву. Яго абвінавачваюць па  артыкуле 23.34 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь – парушэнне парадку арганізацыі ці правядзення масавых мерапрыемстваў.

Нагадаем, што Андрэя Багамолава затрымалі ноччу на запраўцы, калі ён выйшаў набыць цыгарэты. Багамолаў не будзе карыстацца паслугамі адваката.

15.20. Багамолаў: Каля 20.00 даведаўся, што перакрылі вуліцу. Стала цікава, пайшоў глядзець. Пра акцыю не ведаў. На праспекце ўбачыў мірнае скапленне людзей. Усё выглядала санкцыянаваным. Нічога незаконнага не ўбачыў. Стаў сведкам заварушкі. Пад’ехаў аўтамабіль без апазнавальных знакаў. Хаатычна схапілі некалькіх грамадзян, якія мірна стаялі. Пасля пайшоў дамоў каля 23.00. Паклаў сына спаць. У дзве гадзіны ночы пайшоў на запраўку па цыгарэты. На выхадзе папрасілі спыніцца. Спытаў «чаму?». Адказалі, што падыходжу пад арыенціроўку. Пад’ехаў АМАП і завезлі ў РАУС.

Я апладзіраваў аўтамабілям, якія праязджалі міма. У тэлефоне былі відэазапісы – са мной размаўлялі супрацоўнікі АМАП. Да таго, як пайсці на вуліцу, я не ўжываў спіртное. Ужываў, калі прыйшоў, дома.

15.25. Выступае сведка, супрацоўнік Маладзечанскага РАУС, Дзмітры Судніковіч: Я быў членай інфармацыйнай групы, раз’ясняў людзям усё па мегафоне. На скрыжаванні, ля гімназіі №6, убачыў Багамолава. Не бачыў, ці выкрыкваў ён што-небудзь. Заўважыў, што кінуў у машыну неўстаноўленым прадметам.

15.35. Выступае сведка, супрацоўнік Маладзечанскага РАУС, Сяргей Гамбіцкі: Я быў у аўтамабілі побач з кіроўцам, сачыў за парадкам. Сярод грамадзян, якія крычалі, быў Багамолаў.

15.41. Суддзя: Багамолаў быў затрыманы ў стане алкагольнага ап’янення.

15.55. У судзе паглядзелі відэа, знятае на скрыжаванні, каля шостай гімназіі.

Багамолаў працягвае даваць паказанні:

Я стаў сведкам бессэнсоўнага брутальнага затрымання. Нічога незаконнага ў дзеяннях людзей я не бачыў. У мяне ўзнікла пачуццё абурэння.

У машыну я нічым не кідаў. Гэта быў эмацыйны ўзмах рукой. Я творчы чалавек, займаюся канцэртнай дзейнасцю, часта дабрачыннай. Калі з-за пандэміі адмяніліся масавыя мерапрыемствы, крыніцы даходаў не стала. Да гэтага жыў з жонкай і сынам у Мінску. Цяпер жонка працуе ў Мінску.

У 17.30 суд вынесе пастанову.

17.30. Зачытваюць пастанову: Суд прызнаў Багамолава вінаватым па артыкуле 23.34. Змягчаючыя абставіны – малалетняе дзіця. Прыгаварылі да адміністрацыйнага арышту – сем сутак з дня затрымання.

Багамолаў віну прызнаў часткова. Сказаў, што адносіны да ўлады не выражаў.

• Текст доступен на языке: Русский