Мікалай Алейнік. Фота Настассі Уткінай.

Сёння працягваецца суд над маладзечанцам Мікалаем Алейнікам, затрыманым 19 чэрвеня падчас акцыі «ланцуг салідарнасці».

10.06. Мікола Алейнік хадатайнічае, каб брат, Юры Алейнік, быў законным прадстаўніком. Суддзя адмаўляе: законны прадстаўнік можа быць толькі ў недзеяздольных і непаўналетніх.

Адвакат Алейніка.

10.09. Адвакат пацярпелага, Ігар Касцюк, просіць далучыць даведку з ЦРБ пра тое, што ў Міколы – вегетатыўная дысфункцыя, тахікардыя. А таксама даведку і рэнтген, што ў Алейніка – ушыбы, раны, крывападцёкі.

Адвакат хоча далучыць фота амапаўца з пісталетам.  Камандзір групы АМАП УУС Мінаблвыканкама, лейтэнант міліцыі Баранаў, пацярпелы – супраць.

10.17. Адвакат настойвае змяніць парадак даследавання доказаў. Пацярпелы супраць. Суддзя задавальняе.

Мікалай Алейнік у судзе.

10.20. Пацярпелы Яўген Баранаў:  У Маладзечне было несанкцыянаванае масавае мерапрыемства. Мы праязджалі некалькі разоў. Міліцыя праходзіла некалькі разоў, папярэджвалі людзей, што парушаюць закон і пра адказнасць. Я, Якавенка і міліцыянер высадзіліся. Я прыняў рашэнне затрымаць найбольш актыўнага ўдзельніка.

Ён выкрыкваў лозунгі, размахваў рукамі, апладзіраваў.

Мы прадставіліся і папрасілі яго ў РАУС. Ён нас ігнараваў. Вырашылі затрымаць з прымяненнем фізічнай сілы. Суправадзілі ў транспарт і даставілі ў РАУС.

Алейнік: У чым выражалася публічнае незадавальненне ўладай?

Баранаў: У лозунгах «Позор!», «Уходи!», «Стоп, таракан!»

Алейнік: Вы лічыце, што гэта масавае мерапрыемства?

Баранаў: Так.

Алейнік: І загадзя арганізаванае?

Баранаў: Так.

Алейнік: Якія прыкметы арганізацыі?

Баранаў: Па наяўнай інфармацыі мерапрыемства арганізавалі праз сацсеткі.

Алейнік просіць суд пазначыць, што ў пратаколе не было зафіксавана пра лозунгі і пра тое, што мерапрыемства арганізавалі загадзя.

Супрацоўнікі АМАП Якавенка і Баранаў у Маладзечне 19 чэрвеня.

Адвакат Ігар Касцюк – да пацярпелага Баранава: Вы вызначылі, што Алейнік – самы актыўны?

Баранаў: На мой погляд, так. Ён завадзіў натоўп.

Касцюк: Што значыць, завадзіў натоўп?

Баранаў: Калі ён выкрыкваў, талпа паўтарала.

Касцюк: Колькі чалавек было, калі затрымлівалі?

***

Баранаў: Алейнік быў у метрах двух-трох ад асноўнай масы.

Касцюк: Калі першы раз убачылі, дзе быў?

Баранаў: Сярод людзей.

Касцюк: Калі затрымлівалі?

Баранаў: Крыху аддаліўся.

Касцюк: Што вы сказалі, калі падышлі?

Баранаў: Лейтэнант Баранаў. Добры дзень! Вы парушаеце закон. Прайдзіце, калі ласка, ў службовы аўтамабіль. Як толькі прадставіўся, Алейнік адмовіўся і пачаў адыходзіць. Падчас затрымання супраціўляўся, імкнуўся вырвацца.

Касцюк: Колькі чалавек затрымлівала?

Баранаў: Я і Якавенка.

Касцюк: Як выглядаў Алейнік?

Баранаў апісвае, адзначае чорную майку з Пагоняй.

Касцюк: Што было пасля затрымання?

Баранаў: Праводзілі ў аўтамабіль. Пасадзілі на цэнтральнае сядзенне, якое спінкай да кіроўцы. Іншых затрыманых не было.

Суд: Адкажыце, колькі чалавек было ў машыне.

Баранаў: Восем. Пяць – АМАП і тры – РАУС. Больш затрыманняў не было.

Касцюк: Як прозвішча таго, хто дастаў пісталет?

Суд зняў пытанне.

Касцюк: Што было ў РАУС?

Баранаў: У РАУС Алейнік сказаў, што ў яго хворае сэрца.

Касцюк: Што было падчас транспаціроўкі? Прымянялі фізічную сілу?

Баранаў: Не.

Касцюк: Ёсць даведкі пра цялесныя пашкоджанні.

Баранаў: Не маю паняцця адкуль. Магчыма, пры затрыманні.

Адвакат пытаецца, ці можна было збіраць подпісы за кандыдатаў 19 чэрвеня. Адказ: так, апошні дзень.

Алейнік пацвярджае, што быў пад наглядам і сам сабе траўмы не наносіў.

11.00. Допыт сведкі Вячаслава Якавенкі

Якавенка: Мы прадставіліся, папрасілі прайсці ў машыну.

Алейнік: Як затрымлівалі?

Якавенка: З прымяненнем фізічнай сілы, разам. У аўтамабіль суправаджаў адзін.

Алейнік: Ці хапаўся я за форму?

Якавенка: Так.

Алейнік: Ці наносіў я сабе пабоі?

Якавенка: Не.

Алейнік: Ці былі ў вас нагрудныя камеры?

Якавенка: Так. Ва ўсіх амапаўцаў – у пяці чалавек.

Алейнік: Атрымліваецца, мне заламалі рукі. Як я мог хапацца за форму? Як мог уцякаць?

Якавенка: Гэта было, калі мы толькі пачалі затрымліваць.

Алейнік: Ці можаце пацвердзіць, што ўсе ў машыне былі з нагруднымі камерамі?

Якавенка: Не. Здымка не вялася. Не паспелі ўключыць.

Касцюк: Калі вы прадставіліся, ці быў уключаны Дазор?

Дазор — нагрудныя камеры ў супрацоўнікаў праваахоўных органаў.

Якавенка: Не. Не чакалі канфліктнай сітуацыі. Калі падышлі, Баранаў прадставіўся. Спачатку вялі Алейніка разам. Потым я адзін. Людзі з талпы, чалавек 20, імкнуліся перашкодзіць затрыманню. Некаторых з іх пасля таксама затрымалі.

На пытанне адваката, ці чытаў Якавенка рапарт начальніка Баранава, сведка адказвае – не.

Касцюк: Як вы можаць растлумачыць, што ваш пратакол цалкам супадае з рапартам Баранава?

Якавенка: Я проста апісаў адны і тыя ж падзеі

Касцюк: Літара ў літару?

Якавенка: Атрымліваецца – так.

Міліцыянеры ля маладзечанскага суда.

11.30. Допыт Алейніка

Алейнік: Я вырашыў сустрэцца з сябрамі ў цэнтры. Разышліся, а я пайшоў пагуляць. Апынуўся на скрыжаванні. Перапісваўся па тэлефоне. У нейкі момант нехта мяне схапіў і павалок у транспарт. Не прадстаўляліся. Я не ведаў, хто гэта. Усё было нечакана. Не сказалі, чаму гэта ўсё. Кінулі на падлогу. Ляжаў на жываце. Пачалі біць па руках, нагах, грудной клетцы, твары. Перыядычна заломвалі рукі.

У мяне хворае сэрца. Я казаў: не біце, не чапайце, можа быць кровазліццё. У адказ толькі мацней заломвалі рукі. У міліцыі паставілі да сцяны. Усё з матамі. Я такіх слоў асабліва і не ведаў.

У кабінеце было шмат людзей, у форме і без, мужчыны і жанчыны. Я ўвесь час трымаўся за сэрца. Вельмі прасіў, нават маліў пра дапамогу. Пасадзілі на высокае крэсла. Нядаўна я праходзіў абследаванне. Доктар сказаў, што мне забароненыя фізічныя нагрузкі.

Пыталіся, ці здымаў я дзяцей, бабуль, жанчын. Я вырашыў, што пытанне правакацыйнае.

Пыталіся, ці люблю я дзяцей, ці люблю бабуль і дзядуль. Каго больш – хлопчыкаў ці дзяўчынак. Я таксама палічыў такія пытанні правакацыйнымі.

Калі садзіўся так, каб было лягчэй сэрцу, груба казалі сесці да спінкі. Я прасіў дапамогі, сэрцабіццё ўзмацнялася. Адзін сказаў, калі не сяду, як трэба, прывяжуць вяроўкай.

У нейкі момант яны зразумелі, што мне зусім дрэнна. З’явіліся дактары, сталі мераць тэмпературу, зрабілі ўкол, ЭКГ. Адна з медсясцёр сказала, што трэба шпіталізаваць. Супрацоўнік пайшоў у хуткую, што насупраць. Завезлі ў бальніцу ноччу. Зрабілі укол, ЭКГ, далі папіць, сказалі паляжаць. Боль не спыняўся. Пасля стала крыху лягчэй. У машыне міліцыі пасадзілі на падлогу.

Зноў прывезлі ў міліцыю, пасадзілі ў памяшканне. Там ужо ціску не было. Пасля сказалі, што застаюся да панядзелка, што будзе суд. Што за суд, я не разумеў.

Пасля пасадзілі ў камеру. Прыходзілі міліцыянеры, на допыце жорстка ціснулі. Зноў балела сэрца, прасіў пра дапамогу. У мяне груба спыталі, ці згодны я з пратаколам. Каб атрымаць дапамогу, пачаў хутчэй чытаць. Быў пункт, што мне зачыталі правы. Спытаў, як адзначыць, што не зачытвалі.

Зразумеў, што чым больш адцягваю, тым большы ціск. Гэта бессэнсоўна. Пад ціскам падпісаў пратакол. Мне не далі не пагадзіцца. Толькі пасля гэтага выклікалі хуткую.

Сваякі Алейніка падрыхтавалі яшчэ да пачатку суда сумку з рэчамі на выпадак, калі Мікалаю дадуць суткі.

Суддзя: Ці ведалі вы, што будзе несанкцыянаванае мерапрыемства?

Алейнік: Не.

Зачытваюць ранейшы пратакол допыту Алейніка: убачыў вялікае скапленне людзей, быў ланцуг. Хлопалі. Вырашыў паўдзельнічаць – фатаграфаваў і здымаў. Чуў, што міліцыянер кажа, што трэба разысціся, але не палічыў, што парушаю закон.

Алейнік: Падпісаў пратакол таму, што быў ціск. Хто ціснуў, не прадстаўляліся.

Суддзя: У чым ціск?

Алейнік: Жорсткія пытанні і адмова ў дапамозе. Пытанні з нейкім падтэкстам і насмешкамі. Цяжка было і фізічна і псіхалагічна.

Суд: Ці падавалі скаргу на дзеянні супрацоўнікаў міліцыі?

Алейнік: Не.

***

Касцюк: Лічу, што пратакол не мае юрыдычнай сілы.

Суддзя: Ацэнка пратакола будзе ў пастанове суда.

***

Баранаў: Як можаце пракаментаваць фотаздымкі, дзе Алейнік хлопае і вядзе здымку?

Касцюк: Я не бачыў такіх дакументаў у матэрыялах справы.

Баранаў: Яны ў свабодным доступе ў інтэрнэце.

Алейнік: Спецыяльна я гэтага не рабіў.

12.56. Алейнік дадае, што пасля таго, як у яго міліцыя забрала тэлефон, з памяці зніклі не толькі фота і відэа з акцыі, а і ранейшыя.

Па словах Алейніка, не аказалася там і відэа, якое ён, магчыма, здымаў падчас затрымання. І якое б магло паслужыць доказам.

***

Адвакат – пацярпеламу: Хто вынес пастанову, што вы – пацярпелы. Чаму няма гэтага ў справе? Ці азнаёмілі вас?

Баранаў: Дакладна не памятаю.

Маці і Мікалай пасля пасля вынясення пастановы суда.

13.10. Адвакат просіць выклікаць у якасці сведкі медработніка. Пацярпелы не падтрымлівае. Суд адмаўляе, бо дадзеных па медработніках суду не прадставілі.

Касцюк: Лічу, што сёння вінаватасць Алейніка не даказаная. Пацярпелым з’яўляецца мой падабаронны, а ніяк не супрацоўнік міліцыі. Абуральны факт, што аказалі фізічнае ўздзеянне.

Меддаведкі даказваюць, што фізічная сіла прымянялася. А што зрабіў мой падабаронны? Быў у сваім горадзе, у цэнтры. Мая думка, што прычына затрымання ў відэаздымцы. Магу дапусціць: некаторых раззлавала тое, што відэа з’явіцца ў інтэрнэце і паўздзейнічае на іншых.

Ён стаіць у сваім горадзе і здымае нешта на тэлефон. Які прававы акт забараняе гэта рабіць?

Тое, што сведка міліцыянер, – хоць і дазволена, але ён зацікаўленая асоба. Няма ніводнага доказа, што ён аказваў супрацьдзеянне, акрамя галаслоўных заяў міліцыянераў. Лічу, што ёсць усе падставы спыніць адміністрацыйны працэс.

Мікалай Алейнік на выхадзе з суда.

15.00. Суд прызнаў Міколу Алейніка вінаватым па артыкулах 23.34 і 23.4. Канчатковае пакаранне – 15 сутак з моманту затрымання.

Прыгавор будуць абскарджваць.

Фота Настассі УТКІНАЙ.

• Текст доступен на языке: Русский