Канстанцін Пачэпка. Фота Настассі Уткінай.

26 чэрвеня суд Маладзечанскага раёна асудзіў Канстанціна Пачэпку па артыкуле 23.34 Закона аб масавых мерапрыемствах на 30 базавых велічынь. Пачэпку 71 год.

У віну яму паставілі парушэнне Закона аб масавых мерапрыемствах, што выявілася ў актыўным удзеле сумеснага масавага знаходжання грамадзян у загадзя ўстаноўлены час у загадзя вызначаным грамадскім месцы без дазволу райвыканкама.

Паседжанне вяла суддзя Інэса Южык. Сведка супрацоўнік Маладзечанскага РАУС Віталь Мурза на судзе расказаў наступнае.

«2 мая паступіла каманда ад кіраўніцтва РАУС аб неабходнасці выхада на ніжнюю пляцоўку каля амфітэатра. Па інфармацыі, якой мы валодалі, там планавалі сабрацца грамадзяне абмяркоўваць пытанні, якія тычацца інтарэсаў дзяржавы.

Калі прыбылі на месца да 12 гадзін 3 мая каля амфітэатра было каля 14 грамадзян. У тым ліку Канстанцін Пачэпка. Людзі размаўлялі, жэстыкулявалі. Па міміцы было зразумела, што гавораць паміж сабой. Частка з іх была ў масках. Быў на адлегласці ад іх у 50-300 метраў. Праводзіў фота- і відэадакументаванне. Па заканчэнні мерапрыемства, каля 13:30, грамадзяне разышліся.

Жыхар Насілава Маладзечанскага раёна Канстанцін Пачэпка быў у гэтым коле, размаўляў, удзельнічаў у размовах. Пра што канкрэтна размаўлялі, не чуў. Па нашых дадзеных, сход не быў санкцыянаваны Маладзечанскім райвыканкамам.»

Пачэпка ўдакладніў, пра што на гэтым несанкцыянаваным мерапрыемстве ён гаварыў. Сказаў, што гаварыць мог толькі пра свае праблемы. Што ніяк не можа закранаць дзяржаўных інтарэсаў.

І што сярод іншых людзей ніхто не гаварыў пра дзяржаўныя інтарэсы. Пачэпка ўдакладніў, што расказваў пра свой боль, каб надаць яму галоснасці, каб яго пачулі. І што дабіваецца, каб гэта пачуў яго аднакурснік Аляксандр Лукашэнка.

У матэрыялах справы па выніках маніторынга інтэрнэта супрацоўнікам міліцыі было інфармацыйнае паведамленне з тэлеграм-канала «Маладзечна для жыцця». Паводле яго была прызначаная сустрэча на 12 гадзін 3 мая ў парку Маладзечна.

Да адміністрацыйнай адказнасці раней Пачэпку прыцягвалі толькі за парушэнне правілаў дарожнага руху.

На фотаздымку з той падзеі сябе пазнаў. Іншых прысутных не пазнаў.

Пасля прагляду відэа, дзе жыхар Насілава сябе пазнаў, суддзя спыталася, чым маглі дапамагчы прысутныя на ім маладыя людзі ў вырашэнні праблемы. Пачэпка адказаў, што актыўныя людзі маюць сувязі, знаёмых, якія маглі б дапамагчы.

Суд прызнаў Канстанціна Пачэпку вінаватым і прызначыў пакаранне ў выглядзе штрафа памерам 30 базавых велічынь, што складае 810 рублёў.