25 чэрвеня ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі прэзентавалі выданне «Канстытуцыя Піліпа Орліка», паведамляе сайт бібліятэкі.
Сябры Беларускага грамадскага аб’яднання ўкраінцаў «Ватра» пераклалі на беларускую мову гістарычны дакумент «Дагаворы і пастановы правоў і вольнасцяў вайсковых» 1710 года, вядомы як «Канстытуцыя Піліпа Орліка».
Гэты помнік палітыка-прававой думкі лічыцца першай украінскай Канстытуцыяй. Выданне дакумента на беларускай мове сімвалічна верне на радзіму імя яго аўтара: украінскі дзяржаўны і палітычны дзеяч Піліп Орлік – ураджэнец вёскі Касута, што на Вілейшчыне.
У Касуце, сёння стаіць помнік, прысвечаны стваральніку першай Канстытуцыі Украіны. Сюды прыязджаюць прадстаўнікі Амбасады Украіны ў Беларусі і сябры ўкраінскай культурна-асветніцкай суполкі «Краяны» з Маладзечна.
Даведка «РГ»
Піліп Орлік нарадзіўся ў 1672 годзе ў вёсцы Касута, на Вілейшчыне (тады Ашмянскі павет, Віленскае ваяводства) у сям’і літвінскай шляхты чэшскага паходжання. Вучыўся ў езуіцкім калегіуме ў Вільні, у Кіева-Магілянскай акадэміі. Вядомы як украінскі ваенны, палітычны і дзяржаўны дзеяч, гетман Запарожскага войска ў выгнанні, паэт, публіцыст, аўтар першай Канстытуцыі Украіны. Памёр у 1742 годзе на тэрыторыі сучаснай Румыніі.
• Текст доступен на языке: Русский