Машына пасля пажару. Фота ГРАНС Маладзечна.

25 чэрвеня ў 17.10 у цэнтр аператыўнага кіравання Маладзечанскага  ГРАНС ад грамадзяніна паступіла паведамленне пра дым з акна кватэры шматкватэрнага дома на вуліцы Маўчанскага. Жыхароў не эвакуявалі,  канцэнтрацыя дыму была нязначнай, паведамілі ў ГРАНС Маладзечна.

Пасля прыбыцця да месца выкліку работнікаў МНС устанавілі, што ідзе чорны дым з акна на чацвёртым  паверсе. Гаспадара на момант пажару ў кватэры не было. Патрапіўшы ў кватэру праз адкрыты балкон, ратавальнікі ўбачылі, што гарыць пральная машына.

Агонь знішчыў пральную машыну, пашкодзіў столь, закурыў сцены ў кватэры. Гаспадар паведаміў, што ён уключыў пральную машыну і сышоў па сваіх справах.

Прычына пажару высвятляецца. Разглядаюць парушэнне правілаў эксплуатацыі электрасетак і электраабсталявання, а менавіта кароткае замыканне электраправодкі пральнай машыны.

Гэта ўжо трэці выпадак загарання пральнай машыны на Маладзечаншчыне ад пачатку года.

Чаму гараць пральныя машыны

Пральныя машыны могуць загарэцца з-за дрэннай якасці зборкі і матэрыялаў, але часцей з-за працяглага тэрміну эксплуатацыі – дзесяць  гадоў і больш, без належнага догляду  за электрапрыборам.

Яшчэ адна прычына  – няправільная  ўстаноўка – няма  прылады ахоўнага адключэння і зазямлення ў электрасеткцы дома або кватэры. Няўважлівасць уладальнікаў – таксама адзін з фактараў. Перад тым, як машынка загарыцца, адчуваецца пах гары, бачны дым, чутныя патрэскванніі. Менавіта таму нельга пакідаць пральную машыну  без нагляду.

Асабліва небяспечна запускаць мыццё, сыходзячы з хаты, або на ноч.

Калі вы адчулі пах гары, убачылі дымок і іскры з пральнай машыны, адключыце яе з сеткі. Калі відаць полымя, то накрыйце тэхніку коўдрай. Не тушыце падпаленую і падлучаную да электрычнасці машыну вадой. Калі разумееце, што самастойна не спраўляецеся,  выклікайце неадкладна экстраную службу 101.

• Текст доступен на языке: Русский