Героі здымка прыехалі паглядзець на сябе. Фота Сяргея Гапона.

Днямі ля сцен Крэўскага замка з’явілася фотавыстава. Вакол старажытных муроў на адмысловых шчытах – вялізныя фотаздымкі. А на іх – сюжэты з сучаснага жыцця Крэва: вяскоўцы, рака Крыўлянка, свойскія жывёлы… Творчую ідэю ўвасобіў жыхар Крэва фатограф Сяргей Гапон.

На фота турыст убачыць тое, што не заўважыць падчас экскурсіі

Па словах Сяргея, вулічныя выставы, як і іншыя імпрэзы, – звычайная практыка не толькі еўрапейскіх гарадоў, але і мястэчак.

– На жаль, у нашай краіне вялікія культурніцкія ініцыятывы  рэалізуюцца, як правіла, выключна ў вялікіх гарадах. Пры такім падыходзе складана казаць пра нейкае раўнаважнае развіццё культуры ў рэгіёнах. Павінна быць дэцэнтралізацыя. Наша актыўнасць у Крэве – спроба пайсці гэтым шляхам, – распавядае фатограф.

Сюжэты, якія нарад ці ўбачыць турыст. Фота Сяргея Гапона.

У экспазіцыю ўвайшло 18 фатаграфій, зробленых Сяргеем на працягу апошніх пяці гадоў. Суразмоўца падкрэслівае: гэта выстава – не прэзентацыя яго як фатографа. Гэта – партрэт Крэва.

– І не проста замак-царква-касцёл, – працягвае Сяргей. – Калі турыст прыехаў у мястэчка, гэта можна і ўжывую паглядзець. Таму дубліраваць няма сэнсу. На фатаграфіях я спрабаваў паказаць жыццё ў гэтых шыкоўных дэкарацыях, якое амаль немагчыма ўбачыць за гадзіну падчас экскурсіі: вясковец пасе гусей, яблыкі плывуць па рацэ, зорны дождж над замкавымі руінамі…

На думку Сяргея, на выставе гледачы стануць сведкамі мікрагісторый з мястэчка, якое залатымі літарамі ўпісанае ў старонкі сусветнай гісторыі.

Адмыслова для выставы фатограф нічога не здымаў. Гэта хутчэй лагічны працяг яго працы ў Крэве.

Праект стварылі пераважна сіламі мясцовых

Разам з сябрамі Сяргей стварае фестываль-майстэрню Kreva Create. Гэта серыя культурных, адукацыйных і рэстаўрацыйных падзей, якія павінны дапамагчы актывістам прыцягнуць увагу дзяржавы і інвестараў да мястэчка, вярнуць Крэва на турыстычную карту Беларусі, а таксама вярнуць людзей у мястэчка.

Сяргей з сябрам мантуюць выставу. Фота забяспечанае героем публікацыі.

– Разам з творчымі людзьмі мы ствараем новы турыстычны прадукт на аснове крэўскай спадчыны, – кажа суразмоца. – Выстава – якраз адна з форм узаемадзеяння з прасторай. Сяргей прызнаецца, што сярод усіх фотаздымкаў у яго ёсць любімы – навальніца ў Крэўскім замку.

– Сядзеў у варонцы ад снарада часоў Першай сусветнай вайны пасярод замкавага двара, а над галавой бліскалі маланкі! На гадзінніку амаль поўнач, а руіны як днём стаялі! – прыгадвае творца гісторыю стварэння фота.

Усе сродкі на выставу Сяргей збіраў на платформе MolaMola. Адзначае, для яго вельмі  важна, што гэты праект рэалізаваны пераважна сіламі мясцовых: значная частка донараў – з Крэва і суседніх вёсак ды гарадоў. Металічныя каркасы дапамог зварыць Іван Міхайлоўскі, да месца экспазіцыі на сваім трактарчыку прывёз карціны Віктар Губіч. Сяргей разам з сябрам Юрам Высоцкім восем гадзін пякліся на 30-градусным сонцы, манціруючы ўсе канструкцыі.

Віктар Губіч вязе фотаздымкі для выставы. Фота Сяргея Гапона.

– Шчырая падзяка кожнаму, хто далучыўся да праекта рублём ці простым лайкам і рэпостам у сацсетках. Некалькі чалавек, якія ўвогуле ніколі не былі ў Крэве, па ўласнай ініцыятыве разгарнулі сапраўдную піяр-кампанію. У выніку сабралася
болей за тысячу долараў, – працягвае Сяргей.

Асноўная сума пайшла на друк фатаграфій. Яны зробленыя на банернай тканіне, якая вытрымае і дождж, і сонца, і снег.

Па заканадаўстве замак і тэрыторыя побач – ахоўная зона гісторыка-культурнай каштоўнасці. Таму стваральнікі выставы былі абавязаныя атрымаць дазвол на яе мантаж. Улады пайшлі насустрач. Ды і чаму не, лічыць Сяргей. Гэты праект накіраваны на паляпшэнне турыстычнага іміджу Крэва.

Будуць турысты – будуць і грошы, якія застануцца ў мясцовай кавярні ці магазінах, а значыць, будзе і надзея на далейшае развіццё.

Сяргей пакуль не меў магчымасці паназіраць, якія эмоцыі выклікае выстава ў гледачоў. Але калі развешвалі карціны, выпадкова на веласіпедах прыехалі адразу ўсе героі аднаго здымка: тры хлопцы, што на фота гуляюць у футбол.

Так цяпер выглядае замак і прастора вакол яго. Фота Сяргея Гапона.

– Вядома, калі ты бачыш сябе на фатаграфіі памерам у свой рост, гэта ўражвае!

Фотаздымкі застануцца для замка як мінімум да наступнай вясны. Стваральнікам
вельмі б хацелася, каб і замяжоўцы змаглі пабачыць выставу. Сяргей верыць: фатаграфіі павінны ўлюбіць турыстаў, ды і мясцовых, у Крэва.

– Калі мястэчка стане для кожнага каханай дзяўчынай, у галаве нават не будзе думак, ці варта клапаціцца пра яго. Гэта так крута – адчуваць кругазварот энергіі: ты – Крэву,
Крэва – табе.

• Текст доступен на языке: Русский