На месцы здарэння ля вёскі Беражок. Фота СК.

Сёння, 29 чэрвеня, пракуратура Вілейскага раёна перадала ў суд справу па абвінавачванні 35-гадовага жыхара Маладзечаншчыны ў незаконнай рыбалцы на канале Вілейска-Мінскай воднай сістэмы, ля вёскі Беражок.

Па словах намесніка пракурора Вілейшчыны Андрэя Жукоўскага, 19 мая фігурант паставіў сеткі. Раніцай прыйшоў іх здымаць. У гэты час яго затрымалі работнікі Мядзельскай міжраённай інспекцыі аховы расліннага і жывёльнага свету.

У дзве рыбалоўныя сеткі трапілі адзін шчупак, адзін лешч, адна краснапёрка 32 платвы, 19 акунёў і дзевяць яршоў.

– Паколькі мужчына лавіў рыбу падчас нераставай забароны, шкода, нанесеная прыродзе, налічвалася ў трайным памеры, – растлумачыў Андрэй Жукоўскі. – Урон склаў 4 916 рублёў, 70 капеек.

Па словах намесніка пракурора, у 2012 годзе фігурант прыцягваўся да крымінальнай адказнасці за аналагічнае злачынства. Цяпер мужчыну будуць судзіць па частцы 2 артыкула 281 Крымінальнага Кодэкса Рэспублікі Беларусь.

• Текст доступен на языке: Русский