Фота TUT.BY.

Пробашч Чырвонага касцёла ў Мінску Уладзіслаў Завальнюк 29 чэрвеня выправіўся ў пілігрымку ў Будслаў. Ён плануе праехаць 132 км па Беларусі на монаколе і 2 ліпеня прыбыць на свята Будслаўскай іконы Божай Маці, паведамляе TUT.BY.

70-гадовы святар будзе праяжджаць па 35-40 кіламетраў у суткі ў сваім касцёльным уборы. Пілігрымка запланаваная выключна толькі з вадой, бяз ежы.

Некалькі парафіян Чырвонага касьцёла будуць суправаджаць ксяндза на машыне. На борце аўтамабіля ўрывак з малітвы: «Ад пажару, голаду, вайны і віруснай заразы беражы нас, Божа».

— Мне вельмі не хацелася адмаўляцца ад пілігрымак. Трохі падумаў і вырашыў, што можна знайсці бяспечны варыянт для праходжання шляху», — тлумачыць святар выбар такога віду транспарту: у гэтым годзе традыцыйнае паломніцтва адмянілі з прычыны пандэміі каронавірусу.

Ксяндза-каноніка праводзілі ў пілігрымку парафіяне касцёла і 29 мінчукоў на монаколах, якія правялі яго да выезду на трасу.

Мінскі інструктар Ігар Сушчанка, які трэнаваў і кансультаваў святара перад падарожжам, на працягу паломніцтва будзе на сувязі з групай суправаджэння і ксяндзом — дапамагаць з тэхнічнымі пытаннямі, калі такія паўстануць.