Фота забяспечана Марыяй Калеснікавай.

Сваім досведам у галіне актывізму падзялілася маладзечанка Марыя Калеснікава, прадстаўнік каардынацыйнага савета моладзевай арганізацыі NSNL.

Марыя вучылася ў маладзечанскай СШ №8, школьніцай была валанцёрам некамерцыйнай арганізацыі YMCA. Была мультыплікатарам праграмы «Роўны навучае роўнага» па тэмах ВІЧ і СНІД. Пасля закончыла БДЭУ па спецыяльнасці маркетолаг-эканаміст.

Як прыйшла ў актывізм

У дзяцінстве мама Наталля адпраўляла Машу ў розныя гурткі, каб дзяўчынка мела магчымасць знайсці сябе. Пры гэтым практычна не абмяжоўвала ў ідэях, і цяпер Маша разумее, наколькі гэта важна.

Першы досвед актывізму ў Марыі адбыўся ў 14 год у некамерцыйнай арганізацыі YMCA. Там дзяўчына праводзіла семінары для аднагодак на тэму прафілактыкі ВІЧ і СНІД. Атрымала ўзнагароду – паездку ў Швецыю.

– Гэта было вельмі каштоўна, што за першую спробу актывізму атрымала такую магчымасць, – прыгадвае Марыя. – Пазнаёмілася з актывістамі з розных краін, пажыла крыху ў іншай краіне. Менавіта YMCA паўплывала на станаўленне асобы і фарміраванне каштоўнасцей.

Надзвычай важнай была падтрымка маці.

– Я памятаю, як ёй было страшна адпраўляць мяне ў іншую краіну з чужымі людзьмі, але я гарэла актывізмам, і яна адпусціла, – прыгадвае маладзечанка. – У самым пачатку менавіта мама паехала са мной у дзіцячы дом і дапамагла зразумець, што важна мне. Дзякуючы ёй у мяне была магчымасць зразумець, што інклюзіўны кірунак мне блізкі.

Інклюзія – гэта працэс рэальнага ўключэння людзей з розных сацыяльных груп у
актыўнае грамадскае жыццё, які аднолькава неабходны для ўсіх членаў грамадства.

Развівае актывізм у Маладзечне

Дзяўчына далучылася да праекта па пераўтварэнні вуліцы стрыт-фуда. Тут пазнаёмілася з іншымі актывістамі, якія развіваюць родны горад.

– Мяркую, развівацца актывізму ў рэгіёнах нашмат прасцей, чым у буйным горадзе, – лічыць маладзечанка. – Людзі ў рэгіёнах больш адкрытыя, гатовыя дапамагаць. Так ці інакш, усе адзін аднаго ведаюць. Дзякуючы гэтаму лягчэй прасоўваць ідэі і развіваць новыя кірункі.

Марыя адзначыла, што ні яна, ні яе калегі не мелі асаблівай складанасці, калі рэалізоўвалі актывісцкія ініцыятывы або праекты ў Маладзечне.

Ва ўмовах пандэміі актыўнасць крыху змянілася. Дзейнасць перайшла ў анлайн-фармат. Дзякуючы гэтаму сцерліся межы паміж гарадамі і краінамі. З’явілася магчымасць наведваць шмат мерапрыемстваў, не выходзячы з дому. Таму і працы стала больш, і па тэмпе яна больш інтэнсіўная.

Знайсці ў актывізме сябе

– Для мяне актывізм – гэта стыль жыцця, – дзеліцца Марыя. – Магчымасць змяняць свет вакол сябе да лепшага, расці і развівацца ў розных сферах. Цяпер я прасоўваю тэму інклюзіі. Разглядаю яе ў шырокім сэнсе.

Гаворка ідзе не толькі пра людзей з інваліднасцю, а пра адсутнасць дыскрымінацыі агулам на розных узроўнях.

Дзяўчына дзеліцца парадай, што рабіць навічкам у актывізме:

– Спярша трэба разабрацца, што канкрэтна ты хочаш змяніць, – тлумачыць маладзечанка. – Пасля шукай падтрымку ў сяброў, аднадумцаў, некамерцыйных арганізацыях, якія працуюць у такім кірунку. Напрыклад, мы ў NSNL працуем па кірунках гендара, правоў чалавека, экалогіі, урбаністыкі. І заўсёды рады новым знаёмствам!

рэгіён

Артыкул створаны ў межах праекта RegiON (уключаючы рэгіён), які ў Маладзечне рэалізуецца моладзевай арганізацыяй NSNL, лакальнай камандай «Жывой Бібліятэкі» і Цэнтрам развіцця эфектыўнай камунікацыі «Жывая Бібліятэка» ў партнёрстве з Міжнароднай некамерцыйнай арганізацыяй Pact пры падтрымцы Агенцтва ЗША па міжнародным развіцці (USAID).