Кіроўца маршруткі, які здзейсніў смяротнае ДТЗ у Ашмянскім раёне, атрымаў 3 гады калоніі-пасялення.
Як паведамілі ў прэс-службе суда, мужчыну прызналі вінаватым па ч. 2 арт. 317 КК Беларусі (Парушэнне ПДР асобай, якая кіравала транспартным сродкам, што пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека і прычыненне менш цяжкага цялеснага пашкоджання).
Суд прысудзіў яго да чатырох гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах пасялення з пазбаўленнем права займацца дзейнасцю, звязанай з кіраваннем усімі відамі транспартных сродкаў, на 5 гадоў.
У сувязі з амністыяй тэрмін скарацілі на 1 год.
Прысуд у законную сілу не ўступіў і можа быць абскарджаны і апратэставаны ва ўстаноўленым законам парадку.
Нагадаем, аварыя адбылася 10 кастрычніка, каля 15 гадзін, на трасе Мінск – Ашмяны – мяжа Літоўскай Рэспублікі. Пры абгоне мікрааўтобус Mercedes (маршрутнае таксі) выехаў на сустрэчную паласу і сутыкнуўся з аўтамабілем Renault, пасля чаго перакуліўся ў кювет.
У выніку ДТЗ 18-гадовая дзяўчына атрымала цяжкія траўмы, ад якіх праз некалькі дзён памерла ў бальніцы. Яшчэ два пасажыры атрымалі менш цяжкія цялесныя пашкоджанні.