Фота abcnews.com.

Навукоўцы ў Кітаі ідэнтыфікавалі новы штам віруса грыпу, які мае сур’ёзны патэнцыял да ўзнікнення пандэміі. Вірус знайшлі зусім нядаўна, яго разносчыкі — свінні, аднак ён здольны заражаць і людзей, піша bbc.com.

Даследчыкаў турбуе, што вірус можа муціраваць далей, што дазволіць яму з лёгкасцю перадавацца ад чалавека чалавеку, выклікаючы новую глабальную эпідэмію.

Па словах навукоўцаў, хоць на дадзены момант сітуацыя яшчэ не стала пагрозлівай, новы патаген мае ўсе тыповыя характарыстыкі, якія паказваюць на высокую ступень прыдатнасці да заражэння чалавека, і патрабуе пільнага кантролю.

Апошняя масавая эпідэмія віруса падобнага тыпу, з якой сутыкнуўся свет, — успышка свінога грыпу, якая пачалася ў 2009 годзе ў Мексіцы. Смяротнасць ад яго выявілася ніжэйшай, чым меркавалася першапачаткова, — галоўным чынам таму, што вірус быў падобны да іншых вірусаў грыпу, якія цыркулявалі ў папярэднія гады, і ў многіх уразлівых катэгорый пацыентаў (галоўным чынам, людзей сталага веку) быў імунітэт да яго.

Асаблівасць цяперашняга віруса ў тым, што ён зусім новы, і імунітэт да яго ў людзей альбо вельмі малы, альбо яго няма зусім.

Тым часам Сусветная Арганізацыя Аховы здароўя (СААЗ) заяўляе, што найгоршае з пандэміяй каранавіруса, магчыма, усё яшчэ наперадзе.

Па словах кіраўніка арганізацыі Тэдраса Гебрэісуса, калі ўрады не пачнуць праводзіць талковую палітыку па ўтаймаванні эпідэміі, вірусам рызыкуюць заразіцца значна больш людзей, чым цяпер.

«Мы ўсе хочам вярнуцца да нармальнага жыцця. Але суровая рэальнасць такая, што мы яшчэ нават не наблізіліся да сканчэння [эпідэміі]», — сказаў кіраўнік СААЗ падчас віртуальнага брыфінгу ўвечары ў панядзелак.

«Хаця многія краіны дасягнулі некаторага прагрэсу, у цэлым у свеце пандэмія ўзмацняецца і набірае тэмп», — дадаў Гебрэісус.

За шэсць месяцаў ад пачатку эпідэміі каранавіруса яе ахвярамі ва ўсім свеце сталі больш за 500 тысяч чалавек, колькасць заражаных перавысіла 10 мільёнаў.

• Текст доступен на языке: Русский