На Карлавым мосьце ў Празе за доўгім на 500 мэтраў сталом тысячы людзей узялі ўдзел у бяседзе, якая павінна была стаць «сімвалічным развітаннем» з пандэміяй каронавіруса.

Арганізатары заклікалі ўдзельнікаў прынесці ежу і напоі з дому і падзяліцца імі з іншымі бяседнікамі.

«Мы хацелі адзначыць канец каранавіруснага крызысу, дазволіўшы людзям спаткацца і паказаць, што яны не баяцца сустракацца, што не баяцца ўзяць кавалак сэндвіча ў суседа», — сказаў Ондрэй Кобза, адзін з арганізатараў.

Кобза дадаў, што такое нязвыклае свята магчыма было арганізаваць праз недахоп турыстаў у Празе, якія звычайна падчас турыстычнага сэзону шчыльна запаўняюць Карлаў мост штодня.

У Чэхіі 10-мільённай краіне, да гэтага часу зафіксавалі 11954 выпадкі інфекцыі і 349 смерцяў ад COVID-19.

Колькасць новых выпадкаў захворвання 30 чэрвеня зменшылася да 149. Гэта найменшы сутачны прырост за пяць апошніх дзён, паведаміла Міністэрства аховы здароўя Чэхіі. У цяперашні час у краіне 3835 пацыентаў з COVID-19.

• Текст доступен на языке: Русский