Савету Міністраў сумесна з аблвыканкамамі і Мінгарвыканкамам даручана ўдасканаліць парадак спагнання дзяржаўнага збору за выдачу дазволу на допуск транспартнага сродку для ўдзелу ў дарожным руху без прывязкі да праходжання тэхагляду, піша Радыё Свабода.

Значны памер збору адпалохвае многіх аўтааматараў: залежна ад вагі аўтамабіля ён складае ад 80 да 300 рублёў. У выніку кіроўцы ігнаруюць тэхагляд, бо штраф за яго адсутнасць істотна ніжэйшы, чым уласна збор (штраф складае адну базавую велічыню, ці 27 рублёў).

Кіраўніцтва прадпрыемства «Белтэхагляд» наракала, што больш за 50% уладальнікаў прыватнага аўтатранспарту не праходзяць тэхнічнага агляду. Да гэтай адзнакі паступова набліжаецца і парк машын юрыдычных асобаў.

Раней былі распрацаваныя праекты нарматыўных прававых актаў, якія вырашаюць праблему нясплаты збору. У прыватнасці, прапаноўвалася памесячная аплата, а тыя, хто зробіць гэта адразу на год наперад, могуць атрымаць зніжку. Кантраляваць выплату збору прапаноўвалася камерамі фотафіксацыі. Аднак дакументы так і не былі падпісаныя.

 

• Текст доступен на языке: Русский