5 ліпеня 1944 года Маладзечна вызвалілі ў ходзе маштабнай аперацыі «Баграціён». «РГ» распавядае, як праходзіла вызваленне і што пра яго ўспамінаюць сучаснікі.

На пачатку вайны ў бок Маладзечна наступала 9-я армія генерала Штрауса і 3-я танкавая група генерала Гота. Раніцай 25 чэрвеня ў напрамку Віцебска адышоў апошні эвакуацыйны эшалон. 26 чэрвеня 1941 года Маладзечна захапілі нямецкія войскі. У паўночна-ўсходняй частцы горада стварылі лагер для ваеннапалонных «Шталаг 342», на тэрыторыі якога загінула больш за 30 тысяч чалавек.

Вызваленне Маладзечна – частка аперацыі «Баграціён»

23 чэрвеня 1944 года пачалася аперацыя «Баграціён». На першым этапе – ад 23 чэрвеня да 4 ліпеня – войскі трох Беларускіх і аднаго Прыбалтыйскага франтоў правялі Віцебска-Аршанскую, Магілёўскую, Бабруйскую і Мінскую наступальныя аперацыі. У ходзе іх разграмілі галоўныя сілы групы армій «Цэнтр».

«Баграціён» – буйнамаштабная наступальная аперацыя Вялікай Айчыннай вайны, якая праводзілася 23 чэрвеня – 29 жніўня 1944 года. У ходзе аперацыі савецкая армія нанесла найбуйнейшае паражэнне нямецкай, гэта адна з найбуйнейшых ваенных аперацый за ўсю гісторыю чалавецтва.

Вызваленне Маладзечна стала часткай аперацыі «Баграціён», а дакладней – Мінскай наступальнай аперацыі.

Са Стаўкі Вярхоўнага Галоўнакамандуючага: «Войскам 3-га Беларускага фронту пад камандаваннем генерала арміі Чарняхоўскага з ходу фарсіраваць раку Бярэзіну, развіваць імклівае наступленне на Мінск і правым крылом на Маладзечна. Не пазней 7-8 ліпеня 1944 года авалодаць ва ўзаемадзеянні з войскамі 2-га Беларускага фронту горадам Мінск і правым крылом заняць Маладзечна».

Узяцце Маладзечна і мястэчка Краснае адкрывала савецкім войскам дарогу на Ліду і Вільню. Таму немцы збіраліся доўга абараняць гэтыя мясціны. Па ўспамінах генерала Кузьмы Галіцкага, які камандаваў 11-й гвардзейскай арміяй у войску 3-га Беларускага фронту, маладзечанская мясцовасць для баёў была складаная:

– Рэльеф мясцовасці на гэтых напрамках быў больш выгадны тым, хто абараняўся.

Спачатку біліся за Краснае, а потым – за Маладзечна

Галоўнай задачай перад вызваленнем Маладзечна было вызваленне Краснага і адразанне адыходу нямецкіх войскаў па мінскай шашы. Савецкія салдаты правялі разведку боем і атрымалі паказанні ад палонных. Гэта дапамагло высветліць, што Маладзечна абаранялі часці 5-й танкавай, 14-й пяхотнай дывізій, а таксама і розныя іншыя спецыяльныя падраздзяленні нямецкай арміі.

Войскі Чырвонай Арміі да канца 4 ліпеня выйшлі на паўднёва-ўсходнія подступы да Маладзечна. Аднак авалодаць горадам у той дзень не атрымалася.

Маладзечна быў буйным вузлом чыгуначных і шашэйных дарог. Генерал Кузьма Галіцкі ў кнізе «Гады суровых выпрабаванняў» адзначаў, што аператыўнае значэнне Маладзечна вызначалася тым, што праз яго ажыццяўлялася ўзаемадзеянне нацысцкіх войскаў на напрамках Вільні і Літвы.

– Таму праціўнік і прыкладаў усе намаганні, каб утрымаць горад у сваіх руках. Для гэтага ён стварыў моцную абарону на дальніх подступах да Маладзечна. І хаця яна была пераадоленая правафланговымі злучэннямі нашай арміі, аднак гэта патрабавала часу і сіл большых, чым мы меркавалі, – пісаў Галіцкі.

Пасля разгрому немцаў у вёсцы Краснае савецкія войскі сутыкнуліся з новай абарончай лініяй. Галіцкі ўспамінаў, што баі за Маладзечна пачаліся яшчэ 3 ліпеня з удзелам 16-га гвардзейскага корпуса.

Неспадзяваны манеўр і вызваленне Маладзечна

На світанні 4 ліпеня часці пад камандаваннем генерал-лейтэнанта танкавых войскаў Віктара Абухова занялі горад, аднак да 12 гадзін іх адкінулі на поўнач да станцыі Маладзечна.

Генерал-маёр Павел Брыкель успамінаў, на працягу 4 ліпеня паўночная ўскраіна горада і чыгуначная станцыя Маладзечна некалькі разоў пераходзілі з рук у рукі.

Кузьма Галіцкі згадваў, што рэльеф мог прывесці да зацяжных баёў, калі савецкія войскі пачалі б атаку з усходу ці паўднёвага ўсходу. Таму Галіцкі меркаваў, што нападзенне трэба пачынаць на поўдні і паўднёвым захадзе ад Маладзечна. Там нямецкія ўмацаванні былі слабейшыя, а мясцовасць была больш выгаднай для прымянення танкаў і артылерыі.

Такім чынам атаку вырашылі пачаць з поўдня і паўднёвага захаду 5 ліпеня. Наступленне аднавілі з раніцы. Манеўр, які рэкамендаваў Галіцкі, застаў нямецкія злучэнні неспадзявана – асноўныя сілы праціўніка стрымлівалі савецкія войскі з іншага боку Маладзечна.

У 14 гадзін савецкія часці авалодалі горадам і знішчылі вялікую частку гарнізона праціўніка.

Павел Брыкель распавядаў, што баі за Маладзечна былі надзвычай жорсткія. Па яго словах, кавалерысты змагаліся за кожную вуліцу, дом, вялі барацьбу з танкамі.

– 5 ліпеня баі, якія не перапыняліся ўсю ноч, разгарнуліся з яшчэ большай сілай. Толькі апошнім рашучым ударам танкавых, кавалерыйскіх, пяхотных і іншых часцей горад Маладзечна і чыгуначны вузел былі цалкам ачышчаныя ад праціўніка. Было 16 гадзін 30 хвілін.

Маладзечна вызвалілі так хутка, што немцы не паспелі нават узарваць склады. Як успамінае Галіцкі, сярод трафеяў аказалася 500 тон гаручага, якое потым дапамагло з наступленнем на захад.

Трынаццаць злучэнняў і часцей, якія вызвалілі Маладзечна 5 ліпеня 1944 года, атрымалі найменне «Маладзечанскіх».

• Текст доступен на языке: Русский